Алесь Герасіменка: Усё вар’яцтва расейскіх выбараў

«Неверагодным грамадзкім пад’ёмам» і «бессэнсоўным, але крэатыўным працэсам» называюць тое, што цяпер адбываецца ў расейскім грамадзтве напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў самі ўдзельнікі і арганізатары гэтых падзей. Праз праект  «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» я трапіў у самы іх цэнтар, каб пераканацца: многае з таго, што магчыма тут, для Беларусі пакуль застаецца незрэалізаванай мараю.

Калі вы бывалі ў Маскве ў апошняе дзесяцігодзьдзе, то, верагодна, вам вядома, што ўяўляе зь сябе гэта месца. Горад, поўны аўтамабільных коркаў у любы час дня, натоўпаў унутраных мігрантаў і людзей з айпадамі ў мэтро, натоўпаў на вуліцах і хмарачосаў усіх відаў і масьцей, што ўзвышаюцца над імі.

Але часам на вуліцах можна сустрэць незвычайных людзей — на розных частках вопраткі яны носяць белыя стужкі, якія пазначаюць іх грамадзкую пазыцыю адносна прэзыдэнцкіх выбараў, што адбываюцца ўжо сёньня, 4 сакавіка. А ў цыкляпічным маскоўскім мэтро час ад часу зьяўляюцца людзі зь сінімі бясплатнымі кнігамі, якія можа атрымаць кожны жадаючы стаць назіральнікам за выбарамі. Будучыя назіральнікі ўчытваюцца ў старонкі даведніка, дзе простай і зразумелай мовай распавядаецца аб тым, як правільна сябе паводзіць на выбарчым участку і папярэдзіць парушэньне законаў.

Такіх людзей ужо некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек, і іх колькасьць расьце штодня. Нават у апошні дзень расейцы прыходзяць у праекты, што займаюцца падрыхтоўкай назіральнікаў, каб запісацца на навучальныя курсы і атрымаць дакумэнты, якія дазволяць ім трапіць на ўчастак у дзень галасаваньня 4 сакавіка.

Не для слабанэрвовых

«Слабанэрвовыя і лянівыя на гэту справу не ідуць», — кажа рашучая юрыстка ў акулярах у чырвонай аправе, якая ўдзень галасаваньня стане часткаю адной з мабільных групаў валянтэраў, што будуць дапамагаць назіральнікам у складаных сытуацыях. І, зьвяртаючыся да такіх самых як і яна ўдзельнікаў трэнінгу для назіральнікаў, дадае: «Мы ж усе юрысты».

Насамрэч, у назіральнікі зь белымі стужкамі (ці бязь іх) не абавязкова ідуць юрысты. Гэта і студэнты, і пэнсіянэры, і лысеючыя мужчыны за 30. У гэтым сэнсе паказальная гісторыя Паўла Васільева з Поўдня Масквы, які працуе кіраўніком падразьдзяленьня аднаго з расейскіх банкаў. На мінулых парлямэнцкіх выбарах (пасьля якіх і ўзьняўся рух белых стужак і масавых курсаў для назіральнікаў за выбарамі) ён прыйшоў у ініцыятыву «Грамадзянін назіральнік» і стаў адным з тых, хто здолее разварушыць расейскае грамадзтва праз дэманстрацыю шматлікіх фальсыфікацый на выбарах. У Расеі яны хітрэйшыя за беларускія, але іх можна задакумэнтаваць на камэры. Паўла зь яго ўчастка выгналі, але ён здолеў прадэманстраваць, што камісія ўкінула ў скрыню болей за сотню бюлетэняў за Адзіную Расію.

Як кажа Рыгор Мельканьянц з асацыяцыі «Голас», што ўжо шмат гадоў займаецца назіраньнем за выбарамі ў Расеі, «цана пытаньня назіраньня — ці будзе на расейскіх выбарах адзін тур ці два». Апытаньні вялікіх сацыялягічных службаў кажуць, што адзін. Актывісты ў тое ня вераць. Затое вераць яны ў інтэрнэт-апытанкі (зь няхілай колькасьцю прагаласаваўшых у 400 тысячаў чалавек), паводле якіх Пуцін не набірае і 20%. Праўда, апытаньні тыя праводзяцца ў месцах, падобных да Vkontakte, і асаблівага даверу ў сур’ёзных аналітыкаў не выклікаюць.

Хаця недавер інтэрнэт-аўдыторыі да Пуціна — рэч паказальная для расейскіх выбараў. Таму і кажуць прадстаўнікі «Голасу» аб існаваньні двух мэдыярэальнасьцяў у сучаснай Расеі: той, што ствараецца фэдэральнымі тэлеканаламі і той, што падтрымліваецца інтэрнэт-аўдыторый. Першая знаёмая беларусам па рэпартажах БТ, другая — зь іх уласнага жыцьця.

«Аранжавая чума»

Міт аб стабільнай Расеі, якую хоча «раскачаць» (як «лодку») «аранжавая чума зь Дзярждэпу» імкнуцца падтрымліваць пракрамлёўскія моладзевыя рухі, якія пасьля выбараў рызыкуюць пазбавіцца фінансаваньня з сыходам свайго патрона Ўладзіслава Суркова з Крамля. Улады спрабуюць дзейнічаць мэтадамі апазыцыі: склікаць вялікія мітынгі, дзе разьюшаны Пуцін кажа аб апошняй бітве, ворагах і перамозе, зьвяртаючыся то да Сталіна, то да Лермантава. Выпускаючы рэдактар «Новай газэты» Надзея Прусянкова — аднаго з найбольш крытычных адносна ўлады расейскіх СМІ — называе ўдзельнікаў пуцінскіх мітынгаў «п’янымі, што танчаць пад частушкі».

Іх супрацьлегласьць — тыя самыя «разьюшаныя прадстаўнікі сярэдняга клясу». Вельмі часта гэта сярэдняга ўзросту людзі, у якіх верагодна ўжо ёсьць сем’і і добрая праца, айфон і ЖЖ. Яны, як банкір Павал, чытаюць мегапапулярнага блогера і лідэра вулічных пратэстаў Навальнага, і ў адзін цудоўны момант вырашаюць нешта зьмяніць. І запісваюцца ў назіральнікі за выбарамі.

Крэатыў і вар’яцтва

Але белыя стужкі і натхнёныя назіральнікі заўважныя найперш у цэнтры Масквы. Як і Масква — ня ўся Расея, гэтак і цэнтар Масквы, дзе сёньня засяродзіцца большасьць назіральнікаў за выбарамі — ня ўся Масква. У аддаленых мікрараёнах выбараў ня бачна: плякатаў у гонар аднаго зь пяці кандыдатаў няма ўвогуле (можа быць, за выключэньнем агітацыі за цяперашняга прэм’ер-міністра Ўладзіміра Пуціна), зрэдку сустракаюцца агульныя заклікі прыйсьці і прагаласаваць. Хаця да такіх білбордаў стаўленьне ў моладзі даволі жорсткае: графітчыкі замалёўваюць іх, паказваючы гэтым самым, што выбар зроблены і аўтарства яго належыць іншым людзям.

Нехта з жыхароў гораду гатовы размаўляць пра выбары, нехта наадварот апускае вочы і кажа, што ўсё вырашана. Хаця тых, хто абмяркоўвае хаду выбарчай кампаніі можна сустрэць і ў банках, і ў мэтро: вось 40-гадовы бацька дваіх дзяцей Ігар едзе зь мітынгу мільярдэра Прохарава, куды кожны жадаючы мог прыйсьці бясплатна, прарэклямаваўшы кандыдата ў сацыяльнай сетцы. На яго пінжаку вялікі значак з партрэтам мільярдэра, што нечакана стаў адзіным лібэральным кандыдатам на гэтых выбарах. Па некаторых сацыялягічных дасьледаваньнях ён мае ўсе шанцы заняць трэцяе месца, абышоўшы слабога лідэра сацыялістаў Міронава і ўжо састарэлага харызматыка Жырыноўскага, саступіўшы толькі камуністу Зюганаву і фаварыту Пуціну.

Як кажа беларускі студэнт Міша, што апошні год правёў у адным з топавых маскоўскіх унівэрсытэтаў, большасьць выбарцаў досыць апатычна ставіцца да выбараў. Людзі лічаць, што выбары нічога ня зьменяць, а калі і зьменяць, то ў горшы бок. «Нечым гэта падобна да беларускай сытуацыі», — кажа ён.

Хаця і адрозьненьняў ад Беларусі тут мноства: з аднаго боку свабоды ўсё ж болей, а зь іншага — вялізныя прасторы і вопыт мінулага падказваюць, што зьмяніць нешта вельмі складана. Але аб эміграцыі ніхто з бачаных мною актывістаў не задумваецца:

«Канешне, я б не хацела, каб мае дзеці жылі ў краіне з такім узроўнем мэдыцыны і адукацыі, — разважае аб магчымай эміграцыі ў выпадку перамогі Пуціна і наступным шасьцігадовым ці нават 12-гадовым тэрмінам яго кіраваньня пазаштатная журналістка „Новай газэты“ і студэнтка журфаку МДУ Каця. — Але мы яшчэ пазмагаемся».

У Каці няма белай стужкі. Затое ў яе ёсьць чырвоны айфон, які яна бесперапынна ўлучае, каб праверыць навінную стужку ці палазіць па толькі што распрацаванай праграме для мабільных «Назіральнік». Празь яе назіральнікі хутка могуць паведамляць аб парушэньнях на ўчастках і нават паслаць сыгнал SOS калі, да прыкладу, яму будзе пагражаць небясьпека (а гэта магчыма), ці яго паспрабуюць выкінуць з участку.

Стужкі, дапаможнікі для назіральнікаў і іншыя атрыбуты «неверагоднага грамадзкага пад’ёму» Надзея Прусянкова называе часткаю бессэнсоўнага, але крэатыўнага працэсу. Што праўда, крэатыву на абодвух баках хапае. Але да яго вельмі часта чамусьці прывязаны панятак «вар’яцкасьці». Гэта слова, падаецца, за час сустрэчаў з удзельнікамі падзей я чуў часьцей за ўсё.

Да гэтага ж вызначэньня можна аднесьці і апошні нумар часопісу «Большой город», што бясплатна распаўсюджваецца ў тым ліку і на трэнінгах назіральнікаў за выбарамі. У ім разам з падзагалоўкам «Пуцін на лаве падсудных» на старонках крывава-чырвонага колеру надрукаваны псэўдадзёньнік пасьлявыбарчых пратэстаў у Маскве. Сканчаецца ён сюррэалістычным пэйзажам у стылі фільмаў пра апакаліпсіс:

«Удалечыні бачны натоўп, па ўзбочынах стаяць Камазы, тралейбусы, перафарбаваныя ў белы колер, аўтобусы без нумароў. Чутныя стрэлы. Ці то ружэйныя, ці то фэервэрк. Іду наўпрост — так, як вядзе вуліца. На гук».

Алесь Герасіменка



.