2012 Місія ў Беларусь (Парламенцкія выбары)

Выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь адбыліся 23 верасня 2012 г. Падчас назірання прадстаўнікамі праекту былі ахопленыя 59 участкаў для галасавання, дзе ў розныя перыяды галасавання прысутнічалі 69 назіральнікаў праекту, зарэгістраваных ад партнёрскіх грамадскіх арганізацый альбо шляхам збору подпісаў грамадзян. Агулам назіральнікамі праекту аказаліся ахопленыя 35 выбарчых акруг са 110.

Па выніках назірання ў час датэрміновага і ў асноўны дзень галасавання місія праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» адзначае, што выбары былі праведзеныя са значнымі парушэннямі працэдур. Падчас датэрміновага галасавання былі адзначаныя шматлікія выпадкі прымусу да галасавання і галасаванне групамі. Назіральнікі адзначылі завышэнне яўкі як цягам датэрміновага, так і ў асноўны дзень галасавання, а таксама падчас галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў. Нямя паляпшэнняў і ў працэсе падліку галасоў: назіральнікі не здольныя бачыць змест бюлетэняў, працэс падліку праходзіць непразрыста. Акрамя гэтага, адзначаюцца факты псіхалагічнага ціску на назіральнікаў, камісіі часта адмаўляюць назіральнікам у атрыманні неабходнай інфармацыі. Аднак часам, калі ўчастак наведвалі назіральнікі міжнароднай місіі АБСЕ, гэтую сітуацыю атрымлівалася пераадолець.

Пазітыўнай тэндэнцыяй гэтай кампаніі прадстаўнікі праекту лічаць досвед кааперацыі паміж рознымі незалежнымі ініцыятывамі па назіранні за выбарамі і выказваюць надзею, што ў будучыні супраца будзе яшчэ шчыльнейшая.

Вынікі назірання прадстаўнікоў праекту таксама былі прадстаўленыя 25 верасня на прэс-канферэнцыі ў Вільні (Літва). На арганізаванай праектам «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» прэс-канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх беларускіх незалежных ініцыятыў па назіранні за выбарамі: кампаній «За справядлівыя выбары’2012» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары», праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», а таксама прадстаўнікі рэсурсу народнага маніторынгу парламенцкіх выбараў electby.org.

Выніковая справаздача “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” Выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу пятага склікання

Спампаваць справаздачу ў фармаце .pdf

Як адбываюцца выбарыў Беларусі?

 

Спампаваць справаздачу ў фармаце .pdf:
Па-беларуску;
Па-руску.



.