2013 Місія ў Грузію (Прэзідэнцкія выбары)

Група незалежных кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў, акрэдытаваных ад арганізацыі Belarus Watch, сачыла за прэзідэнцкімі выбарамі ў Грузіі, што адбыліся 27 кастрычніка 2013 года. 36 назіральнікаў, сярод якіх былі прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, СМІ і студэнты ЕГУ, наведалі 205 выбарчых участкаў па ўсёй краіне. Нягледзячы на нязначныя адхіленні ад выбарчага заканадаўства, праведзеныя выбары атрымалі станоўчую адзнаку.

У прыватнасці, беларускія назіральнікі адзначаюць высокі ўзровень арганізацыі выбарчага працэса. Дзень галасавання ў Грузіі праходзіў спакойна, без надзвычайных падзей.

На пераважнай колькасці участкаў, наведаных беларусамі, былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для назірання: члены камісій дазвалялі займаць любую зручную пазіцыю для назірання, рабіць фота і відэа, прадстаўлялі ўсю неабходную інфармацыю. Стаўленне ж з боку камісій да назіральнікаў і выбарцаў ацэньвалася як дабразычлівае ды адкрытае. Таксама высока быў ацэнены прафесіяналізм членаў камісій, якія здолелі арганізаваць выбарчы працэс, прытрымліваючыся ўсіх пазначаных у грузінскім заканадаўстве працэсуальных норм.

У дачыненні да гэтага, у беларускіх назіральнікаў выклікала вялікую зацікаўленасць працэдура галасавання, кожны этап якой прапісаны ў грузінскім заканадаўстве такім чынам, што амаль не дапускае розначытанні. Усе этапы, пачынаючы ад жэрабя паміж членамі камісіі для размеркавання функцый і заканчваючы расстаноўкай мэблі на выбарчым участку, дакладна апісаны.

Пры ўваходзе на выбарчы ўчастак у выбарцаў правяраецца пасведчанне асобы ды наяўнасць ультра-фіялетавых чарніл на руках, якія сведчаць аб факце галасавання. Пазначэнні ставяцца на руку падчас рэгістрацыі і атрымання бюлетэня адмысловым спрэям. Пасля пазначэння кандыдата выбаршчык складае бюлетэнь у капэрт і апускае ў празрыстую ўрну, якая пламбіруецца налепкамі, кожная з якіх мае ўнікальны нумар.

Падлік галасоў быў праведзены прафесійна, зразумела і адкрыта, кожны прысутны меў магчымасць спраўдзіць вынікі. Кожны назіральнік, незалежна ад арганізацыі, мог без перашкодаў сачыць за ходам падліку галасоў. Для працэсу падліку па сродках жэрабя адбіралася тры чалавека з ліку членаў камісіі, таксама сярод назіральнікаў выбіраліся два чалавекі, каб назіраць за падлікам непасрэдна за сталом.

Парушэнні, якія былі заўважаны беларускімі назіральнікамі на некаторых выбарчых участках насілі пераважна дробны характар. Так, пры ўваходзе на некаторыя выбарчыя участкі не дастаткова пільна праводзілася працэдура праверкі наяўнасці чарнільных пазнак, якія прызначаны для прадухілення паўторнага галасавання. Колькасць выбарцаў каля стала для выдачы бюлетэняў часам перавышала дазволеную грузінскім заканадаўствам. На некаторых участках таксама з’яўляліся неаўтарызаваныя асобы.

Па інфармацыі ЦВК яўка на прэзідэнцкіх выбарах склала 46,6%. 

Місія была арганізавана ў межах міжнароднага адукацыйнага пректа “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” (EOTP), які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскага.

 

 



.