Выбары ў Расеі: выбарчы маніторынг апынуўся па-за законам

Некалькі дзён засталося да расейскіх парлямэнцкіх выбараў. У краіне працуе некалькі міжнародных назіральніцкіх місій. Адначасова адна з нацыянальных арганізацый, якая плянавала праводзіць электронны маніторынг выбараў, а таксама назіраньне на ўчастках, была абвінавачаная ў парушэньні выбарчага заканадаўства.

Некалькімі кібер-скандаламі азмрочыўся апошні перадвыбарчы тыдзень у Расеі. Найбольш не пашанцавала тым, хто паспрабаваў рабіць маніторынг выбараў. А найперш актыўным у Сеціве назіральнікам з асацыяцыі «Голас», што стварылі праект «Мапа парушэньняў» на выбарах 2011 Golos.org. Гэта сайт, дзе ўтрымліваецца ўжо болей за 4 тысячы паведамленьня пра парушэньні, закліканы асьвятліць падрыхтоўку і правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Расеі.


Мапа парушэньняў на выбарах Golos.org

Падобны праект функцыянаваў у Беларусі ў час прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Мапа дазваляе кожнаму пазначыць інфармацыю аб меркаваным парушэньні выбарчага заканадаўства. Карта сумуе паведамленьні, дзякуючы чаму можна назваць месцы, дзе парушэньняў болей за ўсё.

Перасьлед асацыяцыі пачаўся з пракурорскага папярэджаньня «за негатыўную адзнаку палітычнай партыі», паведамляе «Эхо Москвы». А сёньня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі распачало пазаплянавую праверку асацыяцыі. «Голас» плянаваў адправіць на ўчасткі для галасаваньня болей за 3 тысячаў назіральнікаў.

Учора таксама стала вядома, што адзін са стваральнікаў праекту «Голас» «Мапа парушэньняў» — намесьнік галоўнага рэдактару парталу Gazeta.ru — вымушаны сысьці са сваёй пасады. У гэты ж дзень спасылка на праект зьнікла з парталу Gazeta.ru.

Іншы кібер-скандал здарыўся сёньня, 1 сьнежня. Сайт адной з самай папулярнай газэты «Камэрсант» быў узламаны, і на яго галоўнай старонцы зьявілася выява мядзьведзя (сымбаль правячай «Адзінай Расеі») на крамлёўскім шпілі з подпісам «Іх час выйшаў», піша Lenta.ru. Таксама на выяве пазначаны час і месца збору тамтэйшай «Плошчы». Падстава сабрацца аналягічная беларускай — фальсыфікацыі на выбарах. Дзейнасьць сайту «Камэрсант» аднавілі ў той жа дзень, але асадак, як кажуць, застаўся.



.