Зварот з нагоды затрымання актывістаў маладзёвага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка»

24 верасня ў Мінску затрыманыя некалькі дзесяткаў актывістаў маладзёвага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», якія напярэдадні ажыццяўлялі назіранне на выбарчых участках.

Пра затрыманне праваабаронцам па тэлефоне паспела паведаміць адна з затрыманых. З яе слоў, затрымлівалі назіральнікаў амапаўцы ля гатэля «Хостэл Джаз» па вуліцы Шчадрына. Сярод затрыманых — і кіраўнічка праекту Наста Матчанка з арганізацыі «Belarus Watch» (Літва), студэнты і выкладчыкі ЕГУ.

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» ажыццяўляе арганізацыя «Belarus Watch», Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Беларускі дом правоў чалавека ў выгнанні (Вільня). На працягу апошніх пяці гадоў праект рыхтуе маладых людзей да назірання за выбарамі.

Арганізацыі-партнёркі ў рамках праекту звяртаюцца да беларускіх уладаў з заклікам неадкладнага вызвалення маладых назіральнікаў і каардынатараў праекту. Звяртаем увагу, што ўсе ўдзельнікі праекту — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць бясспрэчнае канстытуцыйнае права назіраць за ходам выбараў у сваёй краіне і адстойваць права выбаршчыкаў на волевыяўленне.

Таксама мы, як прадстаўнікі арганізацый, зарэгістраваных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, заклікаем літоўскія ўлады спрыяць вызваленню маладых беларусаў з няволі і захаванню іх правоў.

Вялікую занепакоенасць выклікае, што арышты праведзеныя напярэдадні прэс-канферэнцыі, што адбудзецца, а 13.00 г. 25 верасня ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, на якой удзельнікі праекту мусілі праінфармаваць сусветную грамадскасць аб выніках незалежнага назірання за выбарамі ў Беларусі.

Выклікае абурэнне, калі беларускія ўлады тактыкай «прэвентыўных затрыманняў» спрабуюць перадухіліць распаўсюд праўды аб тым, што адбываецца ў Беларусі і якімі метадамі фармуецца склад парламенту.

Здымкі, зробленыя ў час затрымання



.