«Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» накіруе маладых беларусаў назіраць за парламенцкімі выбарамі

выборы в палату представителей 2012 наблюдатели

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP) абвяшчае аб падрыхтоўцы да місіі па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. У яе межах дасведчаныя і зацікаўленыя у назіранні за выбарамі маладыя людзі накіруюцца на ўчасткі для галасавання. EOTP возьме ўдзел у назіранні за выбарамі ў Беларусі ў трэці раз.

«Мы спадзяемся, што наш вопыт, атрыманы ў час назірання за выбарамі ў шматлікіх еўрапейскіх краінах, дазволіць прафесійна і якасна арганізаваць і правесці місію па назіранні за беларускімі парламенцкімі выбарамі», — кажа кіраўніца праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» Анастасія Матчанка.

Цягам апошніх пяці гадоў праект па назіранні рыхтуе маладых, энергічных і дасведчаных людзей да назірання за выбарамі.

«На сваім досведзе мы пераканаліся ў тым, што назіранне — гэта надзвычай карысная для грамадства справа, якая нясе пазытыўны досьвед, — кажа Матчанка. — Мы будзем рады, калі да нас далучыцца як мага болей неабыякавых людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй».

Місія EOTP па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання распачнецца ў дзень пачатку датэрміновага галасавання 18 верасня 2012 году. У час кароткатэрміновай місіі назіральнікі будуць сачыць за выкананнем усіх выбарчых працэдураў, што прадугледжаныя беларускім заканадаўствам. Паводле яе вынікаў будуць падрыхтаваныя папярэдняя і фінальная справаздачы. Беларускім партнёрам EOTP выступае кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» ажыццяўляецца сумесна Belarus Watch, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Беларускім Домам правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні. На чэрвень 2012 г. праект па назіранні зладзіў 14 місій на выбарах у Швецыі, Літве, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Славакіі, Расіі і іншых краінах. Акрамя гэтага, праект па назіранні за выбарамі накіроўваў маладых назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ў час беларускіх прэзідэнцкіх і мясцовых выбараў у 2010 годзе.



.