Беларусы будуць сачыць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Чарнагорыі

Група назіральнікаў арганізацыі Belarus Watch сфармуе самую вялікую місію па назіранні за выбарамі прэзідэнта Чарнагорыі. На выбарах, прызначаных на 7 красавіка, будуць прысутнічаць 29 беларусаў: прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

Таксама ў якасці міжнародных назіральнікаў у Чарнагорыі акрэдытаваныя некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў АБСЕ, чальцоў Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы і іншых міжнародных арганізацый.

Беларусы пабачаць адкрыццё ўчасткаў, працэс галасавання і падліку галасоў у розных рэгіёнах краіны. Па выніках назірання будуць прадстаўленыя папярэдняя, а таксама фінальная справаздачы, у якіх знойдуць адлюстраванне рэкамендацыі для правядзення наступных выбараў.

Місія арганізуецца ў межах міжнароднага адукацыйнага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім домам правоў чалавека ў Вільні. Папярэднія місіі праекту ладзіліся ў шэраг іншых еўрапейскіх краін, а таксама ў Беларусі. У час мінулых беларускіх парламенцкіх выбараў каля 20 прадстаўнікоў «Назірання за выбарамі: тэорыя і практыка» былі затрыманыя.



.