Што вымушае чарнагорскіх назіральнікаў адчуваць самоту на выбарах у Беларусі

Калі б у беларусаў было выйсце да мора, і жылі б мы дзесьці ў раёне Адрыятыкі, то звалася б наша краіна, пэўна, Чарнагорыяй. Прынамсі, да такой высновы можна прыйсці пасля шматгадзінных гайданняў па горных дарогах паміж вёскамі, закінутымі на лапіках зямлі паміж цяснінамі і скаламі, і наступнага раптоўнага паглыблення ў іншую рэальнасць — мілае марское ўзбярэжжа з сярэднеземнаморскім кліматам і пальмамі паабапал галоўных вуліцаў невялікіх курортных мястэчак.

Калі б у беларусаў было выйсце да мора, і жылі б мы дзесьці ў раёне Адрыятыкі, то звалася б наша краіна, пэўна, Чарнагорыяй. Прынамсі, да такой высновы можна прыйсці пасля шматгадзінных гайданняў па горных дарогах і вёсках, закінутых на лапіках зямлі паміж цяснінамі і скаламі, і наступнага раптоўнага паглыблення ў іншую рэальнасць — мілае марское ўзбярэжжа з сярэднеземнаморскім кліматам і пальмамі паабапал галоўных вуліцаў невялікіх курортных мястэчак.

Monte negro — па-італьянску, «чорная гара». Але гэты назоў — экспартны, і ўнутры краіны жыве толькі на шматнацыянальным адрыятычным узбярэжжы. Мясцовыя жыхары называюць сваю краіну Црна Горай.

Краіна памерам з горад

На 625 тысячаў жыхароў Чарнагорыі прыпадае невялікі кавалак берагу Адрыятычнага мора з тузінам курортных гарадкоў, сотні гораў, цяснінаў і узгоркаў, а таксама безліч праблемаў. І чым мацней углядаешся ў іх, тым выразней праступаюць абрысы Беларусі: падзеленая нацыя на ўскрайку кантыненту не можа вырашыць, што ім бліжэй і даражэй, сябра з вялікім братам і эканамічныя выгоды ці ўсё ж незалежнасць; як правесці выразную рысу і адрозніць сябе ад іншых, і як зрабіць так, каб не ўсе чарнагорцы з’ехалі за мяжу?

«У нас краіна памерам з горад», — з 21 гадовым Міколай Томічам, студэнтам эканамічнага факультэту, мы праязджаем па чарговым тунелі па дарозе з другога па памерах гораду краіны Нікшыч у сталіцу Падгорыцу.

Нікшыч змясціўся б увесь у беларускім Слуцку, а Падгорыца — у менскай Малінаўцы і Сухарава. Але малыя памеры для чарнагорцаў — хутчэй нагода для гонару (маем усё ж якую-ніякую дзяржаўнасць!), чым комплекс. Хаця і без апошняга не абыходзіцца.

Першае, што пытае Мікіта пры знаёмстве: «Якую рэлігію вызнаюць беларусы?». І распавядае: нягледзячы на тое, што ўсе ў ягонай сям’і — атэісты, ён падтрымлівае развіццё нацыянальнай царквы, а не той, што падпарадкоўваецца Бялграду. Хаця ў абодвух выпадках чарнагорцы маюць справу з гэткім самым праваслаўным абрадам, многія пасля атрымання незалежнасці звярнуліся менавіта да нацыянальнай царквы. Якую, канешне ж, не прызналі ў былой сербскай метраполіі.

Міліца Кавацэвіч, прэзідэнтка адной з самых уплывовых чарнагорскіх недзяржаўных арганізацый Цэнтру дэмакратычнага пераходу, кажа, што галоўны метад уплыву Сербіі на сітуацыю ў Чарнагорыі — гэта царква. Сербская царква выступае супраць далучэння краіны да Еўрасаюзу і НАТО, нават скептычна ставіцца да незалежнасці краіны.

Чарнагорцы — праваслаўныя славяне. Мужчыны — высокія, плячыстыя (таму часам іх выгляд нагадвае нешта паміж чэмпіёнам па боксу ў сярэдняй вазе і загарэлым мафіёзі з Кубы). Многія апранаюцца ў спартовыя гарнітуры і штаны з палоскамі (мабыць, таму галоўная пешаходная вуліца сталіцы забітая крамамі спартовай вопраткі і абутку) і абавязкова паляць. Гэта нацыянальнае захапленне можа пераўзысці, мабыць, толькі яшчэ адно — алкаголь. Адзін з галоўных артыкулаў экспарту Чарнагорыі — віно.

Нідзе я не адчувала такой самоты, як у Беларусі

Міліца кажа, што шмат вандравала па свеце. Была і ў Беларусі. «Але нідзе я не адчувала такой самоты», — кажа яна. Актывістка НДА назірала за дзясяткамі выбараў па ўсім свеце і калісьці ў якасці міжнароднай назіральніцы мела шанец пабачыць, як адбываецца падлік галасоў на беларускіх выбарах (у Чарнагорыю я таксама трапіў як назіральнік беларускай місіі Belarus Watch).

«Нешта падобнае ў нас было ў 2000 годзе. Тады ва ўладзе ў Сербіі яшчэ быў прэзідэнт Слабадан Мілошэвіч, — кажа чарнагорка. — Ён не лічыў нашу краіну рэспублікай. У час апошніх выбараў пры Мілошэвічы незалежныя назіральнікі не былі нават дапушчаныя на ўчасткі для галасавання, і нам прыйшлося назіраць у 15 метрах ад участкаў. Сербскія сілы бяспекі пагражалі нам, нашых назіральнікаў збівалі. Затое чарнагорская паліцыя ўжо тады як магла абараняла нас».

Тыя вераснёўскія выбары ўрэшце скончыліся вялізнай кампаніяй пратэстаў супраць фальсіфікацый. 5 кастрычніка 2000 году на вуліцы Белграду выйшлі каля паўмільёны чалавек з усёй краіны. Праз два дні Слабадан Мілошэвіч быў вымушаны сысці, і неўзабаве ён апынуўся ў Гаазе, дзе яго абвінавацілі ў вайсковых злачынствах.

Наступныя гады, асабліва некалькі з іх, што прыпалі на перыяд перад рэферэндумам аб аддзяленні ад Сербіі, Міліца называе «жудаснымі»: мясцовым актывістам давялося прыкласці неверагодныя намаганні, каб патлумачыць чарнагорцам, чаму ім варта жыць асобна ад сербаў.

«Наш урад, які дагэтуль знаходзіцца ва ўладзе, падтрымліваў Мілошэвіча. Аднак у 1997 годзе мясцовыя палітыкі змянілі пазіцыю, і пачалі рухаць Чарнагорыю да незалежнасці», — кажа Міліца. Незалежнасць была абвешчаная 3 чэрвеня 2006 году. Вызначылі лёс краіны толькі 2 300 чалавек — менавіта столькі склала перавага «незалежнікаў» над прыхільнікамі саюзу з Сербіяй на вырашальным рэферэндуме.

«Магчымасць вандраваць па Еўропе без візаў — добрая рэч, нам яна падабаецца», — кажа Мікола, запальваючы, падаецца, 20-ю цыгарэту за дзень. Некалькі гадоў таму ЕС дазволіла ездзіць чарнагорцам у Шэнген без візаў. А ў мінулым годзе краіна атрымала статус кандыдата на далучэнне да Еўрасаюзу. Валютай Чарнагорыі ад часоў незалежнасці застаецца еўра. Але студэнт эканамічнага Мікола аказваецца не здольным патлумачыць, адкуль у краіне з’яўляюцца грошы, друкаваць якія маюць права толькі ў нямецкім Франкфуркце.

Зрэшты, ён падтрымлівае інтэграцыю ў ЕС, якая значыць, між іншым, частковую страту суверэнітэту:

«Заставацца незалежнымі — значыць заставацца гэткімі ж беднымі. Калі мы далучымся да ЕС, я спадзяюся, сітуацыя палепшыцца, — кажа Мікола. — Калі б я быў прэм’р-міністрам, я б зрабіў тут афшор, такі самы, як на Кіпры».

Пейзаж, які суправаджае нас цягам гэтай размовы, не дае нагодаў для сумневаў: бясконцыя лысыя ўзгоркі чаргуюцца з цяснінамі. Нешматлікія вёскі туляцца ў далінах рэкаў і на некалькіх плато. На гэтай зямлі цяжка нешта вырошчваць, карысных выкапняў кшталту нафты таксама амаль няма. Застаецца карыстацца еўрапейскімі грашыма і спадзявацца на турыстаў. Прынамсі, мора для гэтага ўжо ёсць.

Будва ці чаму беларусы едуць у Чарнагорыю

Рэйсавы аўтобус пятляе па вузкім серпантыне. У пэўны момант недзе паміж шэрымі пагоркамі без адзінага дрэўца і гэткім самым шэрым небам з’яўляецца пробліск сонца, адлюстраваны ў блакіце Адрыятыкі. Паступова з-за скалаў выплывае маленькі гарадок, заціснуты паміж бяскрайнім морам і гэткімі ж самымі скаламі, з якіх мы з галавакружнай хуткасцю спускаемся да ўзбярэжжа.

Гэта Будва — адзін з некалькіх турыстычных цэнтраў краіны. Горад прыцягвае безліч рускамоўных з Усходняй Еўропы. «Газпрам» штовесну ладзіць тут свае саміты, а паркоўкі ўлетку раз-пораз аказваюцца забітыя джыпамі з украінскімі і беларускімі нумарамі. Тое не дзіўна — Чарнагорыя разам з Сербіяй застаюцца адзінымі краінамі на поўдні Еўропы, куды нам віза не патрэбная. Пакуль што.

У мінулым годзе на мясцовым пляжы нечаканая хваля знесла ў мора некалькі расейцаў. Адну жанчыну ўратаваць не атрымалася. Пляж быў часова закрыты. Цяпер вясна. У той час як у Менску каля градуса цяпла, на моры дзьме лёгкі ветрык, а тэрмометр у кавярні недалёка паказвае +21. Сезон яшчэ не пачаўся, але пляжы ўжо адкрытыя зноўку, і пра трагічныя эпізоды прагулак няўдачлівых купальшчыкаў ужо ніхто не прыгадвае.

На ускрайку Будвы, што заціснуты паміж скаламі і морам, невялікі мыс забудаваны старым горадам, узмоцнены цытадэльнай сцяной. Кажуць, быццам тая Італія, толькі мова ў мясцовых жыхароў іншая. Здаецца, тут заўжды была тая самая заходняя, лацінская цывілізацыя, якая мела малое дачыненне да горцаў, што туліліся ў гарах. Цяпер горцы самі імкнуцца стаць часткаю Захаду. Але ад гісторыі і духу продкаў далёка не збяжыш.

Як атрымалі незалежнасць, адразу дадалі да алфавіту 2 літары

Самі чарнагорцы кажуць, што яны толькі «самая вялікая меншасць сярод іншых меншасцяў у краіне». Бо чарнагорцаў у краіне меней за палову насельніцтва. Сербаў — каля траціны, яшчэ нямала албанцаў, іншых мусульманаў, цыганоў... Ёсць нават негры, якіх калісьці мясцовыя піраты завезлі з Афрыкі. Цяпер чарнаскурыя чарнагорцы жывуць ля мора, і адрозніваюцца ад іншых насельнікаў гэтага ўзбярэжжа бадай толькі колерам той самай афрыканскай скуры.

«У адной сям’і адзін брат можа лічыць сябе сербам, а іншы — чарнагорцам», — кажа Міліца. Яна кажа, што цяжка знайсці болей падзеленую нацыю ў Еўропе за тую, што ўтварылася ў Чарнагорыі.

«У нас заўжды была падвойная ідэнтычнасць. Мы лічылі сябе чарнагорцамі, але пры гэтым разумелі, што этнічна з’яўляемся сербамі. Але „быць чарнагорцам“ лічылася нечым кшталту таго, як быць „лепшай часткай сербаў“».

 

«У нас таксама ёсць вялікі сусед , які дамінуе ў культуры, рэлігіі, часам у палітыцы, — кажа яна. — Першае, што мы зрабілі пасля атрымання незалежнасці ад Сербіі — вызначылі правілы нашай уласнай мовы. Раней сербы не дазвалялі называць нашу мову нашым уласным імем [хаця сербская адрозніваецца ад чарнагорскай, як казалі мне многія чарнагорцы, літаральна некалькімі словамі — аўт.]. Цяпер мы дадалі да алфавіту дзве літары. Таму ў нас на дзве літары болей, чым у сербаў».

«Але дагэтуль жыве страх, што мы калісьці зноўку станем часткаю Сербіі. Калі мы абвясцілі незалежнасць, прэм’ер-міністр Сербіі так і не павіншаваў нас. Многія ж палітыкі ў Сербіі разлічваюць на тое, што калісьці мы зноўку станем саюзам. Думаю, канцом гэтых страхаў стане той момант, калі мы далучымся да НАТО».

Аднак большасць чарнагорцаў, у адрозненні ад мясцовых палітыкаў, — супраць далучэння да НАТО. Не падабаецца многім і сам статус незалежнасці.

«Я б хацеў з’ехаць, як і многія мае сябры, — кажа Мікола. — Няма добрай працы, а калі і ёсць, то цяжка пражыць на грошы ад яе. Кажуць, у адным толькі Бялградзе паўмільёны чарнагорцаў (амаль столькі ж жыве ва ўсёй Чарнагорыі). Два апошнія сербскія прэзідэнты паходзяць з Чарнагорыі...»

«У мяне ёсць вялікі план: скончыць навучанне тут, а пасля выйграць стыпендыю для навучання ў магістратуры ў якім-небудзь еўрапейскім універсітэце», — Мікола запальвае 21-ю цыгарэту, і сонца падае кудысьці за шэрую гару на мяжы з Албаніяй. Хлопец паглыбляецца ў думкі, такія блізкія многім з ягонага пакалення. Не толькі ў маленькай краіне на ўскрайку Еўропы.

Алесь Герасіменка



.