У Нямеччыне прыслухоўваюцца нават да дзяцей

Удзельнікі раекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP) наведалі з адукацыйным візітам Нямеччыну падчас правядзення Федэральных выбараў 22 верасня. Група з 13 удзельнікаў мела магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі нямецкіх СМІ, грамадзянскай супольнасці, палітычных партый, выбарчых органаў і простымі выбаршчыкамі. Мэтай візіту з'яўлялася атрыманне ведаў аб выбарчым працэсе ў Нямеччыне, аб спосабах грамадзянскага і медыя-кантролю ды альтэрнатыўных назіранню сродках перадачы інфармацыі адносна выбараў.

Удзельнікі сустрэліся з прадстаўнікамі папулярнага ў Нямеччыне праекта U18, які займаецца палітычным адукаваннем дзяцей і падлеткаў (http://www.u18.org/das-projekt-u18/). Мэта праекта - паказаць, што дзеці і падлеткі таксама маюць сваё меркаванне, якое павінна быць пачута шляхам выбараў. Фактычна, U18 праводзіць уласныя выбары для дзяцей і падлеткаў, уключаючы ўсе этапы: агітацыю, сустрэчы з выбаршчыкамі, падрыхтоўку ўчасткаў і іншае. На сайце можна знайсці агітацыйныя матэрыялы, бюлетэні, правілы для выбаршчыкаў, праграмы партый у адаптаванай для дзяцей форме, якія даступныя для раздрукавання і распаўсюду. Таксама прапануюцца фарматы мерапрыемстваў, якія можна праводзіць у школах напярэдадні выбараў. Галасаванне адбываецца за 9 дзён да афіцыйнай даты выбараў. Адукацыя, бязумоўна, з’яўляецца шляхам да фармавання адказнай грамадзянскай супольнасці. Дзеці і падлеткі даведваюцца пра свае правы на кіраванне дзяржавай шляхам выбараў, пра права быць пачутымі, а, таксама, пра адказнасць свайго вырашэння. Нажаль, такой адукацыі не хапае ў Беларусі, дзе пра правы выбаршчыкаў самі выбаршчыкі амаль нічога не ведаюць. U18 становіцца ўсё больш і больш папулярным: пачынаючыся ў 1996 годзе  з аднаго ўчастка ў Берліне, у 2013 годзе ў Федэральных выбарах ужо прымала ўдзел 1525 школ і пазашкольных устаноў па ўсёй Нямеччыне. Нядзіўна, што палітыкі звяртаюць увагу на гэты праект і вынікі гэтых альтэрнатыўных выбараў, так як многія з яго ўдзельнікаў (а гэта каля 200.000 дзяцей) – з’яўляюцца патэнцыйнымі выбаршчыкі на наступных выбарах.

Яшчэ адной адукацыйнай ініцыятывай, якую наведалі ўдзельнікі праекта, стаў Федэральны Цэнтр Палітычнай Адукацыі (http://www.bpb.de/), які ў 2012 годзе адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе. Падчас сустрэчы доктар Марка Майкл распавёў аб галоўных мэтах работы цэнтра: распаўсюдзе дэмакратыі і палітычнага ўдзелу, ўмацаванні каштоўнасцяў талерантнасці і плюралізму, што неабходна, каб пазбегнуць паўтарэння дыктатарскіх рэжымаў. Цэнтр праводзіць разнастайныя канферэнцыі, з'езды, фестывалі, семінары і іншыя мерапрыемствы. Акрамя гэтага, ствараецца друкаваная прадукцыя, даступная для ўсіх у офісе Цэнтра, і дапаможнікі для выкладання, разлічаныя на ўсе групы насельніцтва (ад малодшай школы да універсітэтаў) – даступныя анлайн. Таксама, перад выбарамі, удзельнікамі Цэнтра быў распачаты цікавы праект: Wahl-O-Mat ( https://archiv.wahl-o-mat.de/bundestagswahl2013/), які ўяўляе сабой анлайн тэст, што складаецца з 38 пытанняў, адказы на якія дазваляюць зразумець, палітыка якой партыі (з тых, што балатуюцца на выбарах),  з'яўляецца найбольш блізкай да меркавання тэстуемага (вынік паказваецца ў адсоткавых суадносінах, а не выдае канкрэтную адну партыю). Тэст аднаўляецца перад кожнымі выбарамі ў адпаведнасці з праграмамі партый. Wahl-O-Mat быў створаны каб выбаршчыкі разумелі за што яны галасуюць, бо вялікая колькасць людзей не вельмі цікавяцца палітыкай і не маюць часу каб даведацца пра партыйныя праграмы (кожная з якіх можа мець больш за 100 старонак). А падабраныя пытанні, якія датычацца важных для кожнага грамадзяніна момантаў, як медыцына, заробкі, адукацыя, дазваляюць адказна вырашыцца з выбарам. 

Асаблівую цікавасць у ўдзельнікаў візіта перад днём выбараў выклікалі прадстаўнікі партый, якія распавядалі аб перадвыбарнай гонцы, празрыстасці выбараў, сваіх прагнозах і, вядома ж, пра галоўныя партыйныя мэты. Так, напрыклад, Марцін Деліус, прэс-аташэ Пірацкай партыі (die Piraten) растлумачыў асноўныя моманты партыйнай праграмы ды адказаў на пытанні аб тым, чаму партыя страціла сваю папулярнасць (у параўнанні з дзвюма папярэднімі гадамі, калі, з'явіўшыся партыя набірала больш за 5% галасоў - прахадны мінімум). Прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі (SPD) Гурбан Алакбараў акцэнтаваў увагу да пытанняў эміграцыі і той дапамогі, якую партыя аказвае сваім сябрам.

Удзельнікі EOTP таксама даведаліся ад старшыні выбарчай камісіі адной з найбуйнейшай акругі Берліна аб канкрэтных працэдурах, якія выбаршчыкі праходзяць у дзень выбараў ды пра тое, як фармуюцца камісіі. Была падрабязна апісана працэдура галасаванне па пошце, якая дае магчымасць прагаласаваць датэрмінова з дапамогай ліста або прыйшоўшы на ўчастак. Старшыня таксама адзначыў, што ўчастковыя камісіі фармуюцца добраахвотна, таму часцей за ўсе там працуе мала людзей.

У дзень выбараў ўдзельнікі наведалі выбарчыя ўчасткі Берліна, дзе мелі магчымасць паглядзець на працэдуры і пераканацца ў адкрытасці і празрыстасці выбараў. Усе былі ўражаны, наколькі прыязнымі былі камісіі: адказвалі на ўсе пытанні, тлумачылі працэдуры і, нават, не пыталіся аб акрэдытацыі або дазволе назіраць. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла тое, што ў Нямеччыне кожны можа прыйсці на ўчастак і назіраць увесь працэс уключаючы падлік галасоў.

У дзень пасля выбараў праходзіла сустрэча з рэдакцыяй газеты Tagesspiegel, дзе ўдзельнікі пректа пабачылі падрабязную інфаграфіку выбараў, даведаліся пра тое, як газета атрымлівае такія звесткі, задалі пытанні аб анлайн-выданні і на свае вочы ўбачылі, як працуе аддзел навін.

У выніку, ўдзельнікі атрымалі агульнае ўяўленне аб выбарчай сістэме Нямеччыны, змаглі ўбачыць як гэта працуе і выказаліся пра карысць такіх візітаў.

У візіце прымалі ўдзел прадстаўнікі праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», журналісты, студэнты ЕГУ, прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацый. Ен быў арганізаваны праектам «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» і Нямецка - Беларускім Таварыствам (Берлін).

Алена Пішч

 



.