Грузія абірае прэзідэнта з ліку 23 кандыдатаў: беларусы назіраюць

 

Выбары прэзідэнта, што адбудуцца 27 кастрычніка, з’яўляюцца бадай самымі масавымі па колькасці кандыдатаў ў гісторыі незалежнай Грузіі. Сёлета дакументы ў ЦВК Грузіі для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты падало 54 чалавекі, з якіх было зарэгістравана 23 кандыдаты. Да гэтуль самая вялікая колькасць – 7 кандыдатаў – была зарэгістравана на прэзідэнцкіх выбарах 2008 года. На ўсіх жа астатніх выбарах, пачынаючы з 1991 года, колькасць кандыдатаў не перавышала 6 чалавек.

З 23 зарэгістраваных кадыдатаў, 10 прадстаўлены палітычнымі партыямі і 13 – незалежнымі ініцыятыўнымі групамі. Адпаведна грузінскаму заканадаўству, зарэгістраваны кандыдат мог адмовіцца ад удзелу ў выбарах да 17 кастрычніка. У тым выпадку, калі кандыдат здымае сваю кандыдатуру, яго імя ўсе роўна будзе фігураваць у выбарчым бюлютэні.

Чакаецца, што гэта будуць першыя выбары  ў пастсавецкай Грузіі, калі прэзідэнцкая ўлада будзе перададзена мірным шляхам. Так першы прэзідэнт – Звіяд Гамсахурдзія – быў звергнуты ў 1992 годзе па сродках вайсковага перавароту, у выніку якога да ўлады прыйшоў Эдуард Шэварнадзэ. Сам жа Шэварнадзэ мусіў сыйсці ў адстаўку пасля рэвалюцыі руж 2003-2004 гадоў, пасля чаго прэзідэнтам быў абраны Міхаіл Саакашвілі.

За выбарамі будзе назіраць шэраг місій з розных краін свету. Сярод іх будуць і незалежныя назіральнікі з Беларусі, акрэдытаваныя ад імя беларускай арганізацыі Belarus Watch.

Падчас місіі беларускія назіральнікі азнаёмяцца з выбарчай сістэмай Грузіі. Плануецца, што назіральнікі, сярод якіх будуць прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, журналісты і студэнты ЕГУ, наведаюць выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіенах краіны, пабачаць іх адкрыццё, працэс галасавання ды падліку галасоў. Па выніках місіі будзе прадстаўлена справаздача,  якая пакажа адпаведнасць выбарчых працэдур нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству.

Місія арганізуецца ў межах міжнароднага адукацыйнага пректа “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” (EOTP), які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскага. Папярэднія місіі праекту ладзіліся ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін, а таксама ў Беларусі. Праект дае маладым беларусам магчымасць знутры зірнуць на палітычныя працэсы, азнаёміцца з выбарчымі сістэмамі іншых краін ды вопытам незалежных назіральнікаў, каб потым прымяніць набыты вопыт у Беларусі.



.