Грузінскія ўрокі для Беларусі

Назіранне за выбарамі ў краіне з доўгай гісторыяй аўтарытарнага кіравання дае выдатны прыклад «добрых практыкаў» пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі не толькі для Беларусі, але і для іншых краінаў рэгіёну.
 
27 кастрычніка 2013 года Георгі Маргвелашвілі ўпэўнена перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі. Арганізаванасць і празрыстасць выбараў засведчылі, што дэмакратыя пусціла карані ў краіне. Поспех прававых і эканамічных рэформаў у постсавецкай, яшчэ нядаўна неэффектыўнай краіне, добрая арганізацыя выбараў і назірання за імі – усё гэта важныя ўрокі для Беларусі.
 
Пачатак новай эпохі
 
У лістападзе Георгі Маргвелашвілі склаў прысягу і афіцыйна зрабіўся прэзідэнтам, што сталася пачаткам новай эпохі Грузіі. За тры тыдні да гэтага Маргвелашвілі ўпэўнена перамог у першым туры Давіда Бакрадзэ (кандыдата «Аб’яднанага нацыянальнага руху», партыі Саакашвілі) і прарасійскую кандыдатку Ніно Бурджанадзэ. Гэтыя выбары прайшлі незвычайна спакойна, і толькі 46,95 % грамадзян Грузіі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.
 
Новы прэзідэнт прадстаўляе кіроўную кааліцыю «Грузінская мара», якая аб’ядноўвае шэсць розных і ідэалагічна неаднародных партыяў. Гэты блок аб’яднаны перадусім супраць Саакашвілі і прадстаўнікоў ягонай каманды. Бідзына Іванішвілі, папулярны ў Грузіі мільярдэр, выступіў натхняльнікам стварэння альянсу. І ягоныя грошы, праўдападобна.
 
Пасля парламенцкіх выбараў 2012 года Іванішвілі, чыё багацце перавышае бюджэт Грузіі, стаў прэм’ер-міністрам. Менавіта асабістаму аўтарытэту Іванішвілі «Грузінская мара» і новы прэзідэнт мусяць быць удзячныя за свае добрыя вынікі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў Іванішвілі пакінуў пасаду прэм’ер-міністра, але дагэтуль грае вызначальную ролю ў грузінскай палітыцы – кіруе з ценю.
 
Да пачатку выбарчай кампаніі Маргвелашвілі не быў вядомы шырокай публіцы, хоць апошні год ён працаваў міністрам адукацыі і віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Іванішвілі. Да гэтага новы прэзідэнт кіраваў Грузінскім інстытутам публічных справаў, які займаўся падрыхтоўкай публічнай адміністрацыі. Калі «Грузінская мара» абвясціла, што Маргвелашвілі будзе кандыдатам кааліцыі, Саакашвілі заявіў, што гэтае прызначэнне Іванішвілі нагадвае яму «цэзара Калігулу, які зрабіў свайго каня сенатарам».
 
Канстытуцыйныя змены 2010 года знізілі градус выбарчай кампаніі. Пасля сёлетніх выбараў кампетэнцыі прэзідэнта значна зменшаныя, а асноўная ўлада перайшла ў рукі ўраду.
 
Такім чынам, значэнне гэтых выбараў для грузінаў было невялікім
 
Гэтая кампанія шмат у чым датычылася не толькі Маргвелашвілі ці Бакрадзэ, але і Саакашвілі ды сённяшняга даверу да яго. Былы прэзідэнт здолеў пераўтварыць фактычна неэффектыўную дзяржаву ў эфектыўную. Каманда Саакашвілі здолела выкараніць карупцыю, электрыфікаваць краіну, лібералізаваць эканоміку, укараніць бачанне Грузіі як часткі еўрапейскай цывілізацыі.
 
Нягледзячы на гэта былыя ўлады не здолелі забяспечыць незалежнасць судовай сістэмы і пазбегнуць вайны з Расіяй, у выніку якой Грузія страціла пятую частку сваёй тэрыторыі. Некаторыя апаненты Саакашвілі і значная частка грамадства ацэньвалі ягоны стыль кіравання як аўтарытарны.
Напярэдадні выбараў большасць грузінаў лічыла стварэнне новых працоўных месцаў галоўнай нацыянальнай тэмай [1], а кошт камунальных паслугаў – галоўнай лакальнай праблемай [2]. Таму палітыкі спрабавалі ўздымаць сацыяльныя пытанні.
 
Тым болей, што, нягледзячы на вострую барацьбу паміж Аб’яднаным нацыянальным рухам і «Грузінскай марай», абедзве сілы маюць шмат агульнага. Яны выступаюць за далучэнне Грузіі да ЕС і НАТО, аднаўленне цэласнасці дзяржавы і прасоўванне заходніх каштоўнасцяў. Крыху іншы падыход мае Ніно Бурджанадзэ, якая падкрэслівала свае блізкія стасункі з Расіяй і запэўнівала, што гэтыя сувязі дапамогуць адбудаваць цэласнасць Грузіі.
 
Хоць вынік гэтых выбараў можна было прадбачыць, палітычная будучыня Грузіі застаецца пад пытаннем. Пасля зыходу Іванішвілі месца прэм’ер-міністра заняў 31-гадовы міністр унутраных справаў Іраклі Гарыбашвілі. Як і ў выпадку Маргвелашвілі, сваёй пасадай ён абавязаны выключна Іванішвілі, і праўдападобна, што будзе захоўваць у дачыненні да яго абсалютную лаяльнасць. Пытанні выклікае таксама магчымасць пераследу Міхаіла Саакашвілі новым кіраўніцтвам краіны. Улады не хаваюць таго, што хочуць прыцягнуць былога прэзідэнта да крымінальнай адказнасці.
 
Як грузіны галасуюць і назіраюць
 
На гэтых выбарах была зарэгістраваная самая нізкая яўка на прэзідэнцкіх выбарах з часоў аднаўлення незалежнасці. 27 кастрычніка 2013 года толькі 46,95% грузінаў прыйшлі да выбарчых скрыняў, пры тым што звычайна ўдзел выбарцаў у галасаванні складае 55–60%.
 
Выглядае на тое, што грузіны былі занадта перакананыя ў перамозе Георгі Маргвелашвілі і ў нязначнасці канстытуцыйнай ролі прэзідэнта, каб ісці на выбары. Грузінскія грамадзяне, якія жывуць у Расіі, чарговы раз не маглі прагаласаваць, бо ў Расіі адсутнічае грузінская амбасада. Да таго ж у бюлетэнях не прадугледжваецца магчымасць прагаласаваць «супраць усіх», што таксама магло падштурхнуць некаторых людзей застацца дома.
 
Нягледзячы на малую зацікаўленасць выбарамі, гэтае галасаванне грае вялікую ролю для развіцця грузінскай дэмакратыі. З прысягай Маргвелашвілі завяршыўся першы ў гісторыі незалежнай Грузіі працэс мірнай перадачы ўлады. Як трапна заўважана ў заяве Нацыянальнага інстытуту дэмакратыі,гэта толькі «трэція выбары ў Грузіі, калі кандыдат, які заняў другое месца, прызнаў паразу і павіншаваў пераможцу».
 
Грузіны – досыць рэлігійная нацыя, а Грузінская праваслаўная царква застаецца найбольш аўтарытэтным інстытутам у краіне, таму пазіцыя царквы можа значна ўплываць на паводзіны выбарцаў.
 
Грузінская праваслаўная царква мае настолькі моцную пазіцыю ў грамадстве, што нават інаўгурацыя прэзідэнта адбываецца ў храме. Калі напрыканцы жніўня ў адным з рэгіёнаў Грузіі выбухнуў канфлікт паміж праваслаўнымі і мусульманамі, то канфлікт быў вырашаны праваслаўным патрыярхам, а не свецкімі ўладамі.
Аднак на гэтых выбарах царква трымалася ад палітыкі наводдаль. Нават удзел у той час яшчэ кандыдата Маргвелашвілі ў службе, якую праводзіў патрыярх, выклікала неразуменне ў грамадстве.
Хоць цікавасць грамадства да выбараў аказалася нізкай, колькасць назіральнікаў была дастаткова высокай. Грузінскі ЦВК зарэгістраваў 1241 міжнароднага назіральніка і 19 746 мясцовых назіральнікаў.
 
1381 журналіст быў акрэдытаваны на гэтых выбарах, дзевяць з якіх прадстаўлялі Беларусь: пяць журналістаў Беларускай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, па два прадстаўнікі СТБ і Беларусь-2.
 
Выглядае на тое, што не вельмі значныя выбары ў цёплай краіне напрыканцы кастрычніка займелі папулярнасць сярод беларускіх дзяржаўных журналістаў.
 
Гэтаксама ЦВК зарэгістраваў каля 47 тысяч назіральнікаў ад палітычных партыяў і кандыдатаў. Такім чынам, амаль 70 тысяч чалавек удзельнічалі ў назіранні за выбарамі, адзін назіральнік на 63 жыхары Грузіі.
 
Да найбольш аўтарытэтных арганізацыяў у галіне маніторынгу за грузінскімі выбарамі належаць Transparency International, якая мае вялікі ўплыў у Грузіі, «Аб’яднанне маладых грузінскіх юрыстаў», якое займаецца прававымі разбіральніцтвамі, і «Міжнароднае таварыства за справядлівыя выбары і дэмакратыю» (ISFED), якое ўжо восьмы раз праводзіла паралельны падлік галасоў.
 
Гэты механізм, вядомы таксама як «хуткі падлік», палягае на назіранні на адмыслова абраных рэпрэзентатыўных выбарчых участках. На гэтых выбарах ISFED мела сваіх назіральнікаў на ўсіх 73 акругах. Іх падлікі аказаліся амаль ідэнтычнымі з афіцыйнымі вынікамі.
 
Разынкай выбарчага заканадаўства Грузіі ёсць «Міжведамасная працоўная група па свабодных і сумленных выбарах» (IATF), якой кіруе сакратар Рады нацыянальнай бяспекі. Гэты орган займаецца кантролем за выкананнем выбарчага заканадаўства, аналізам выбараў і рыхтуе рэкамендацыі для дзяржаўных службоўцаў. Прапановы групы шмат значаць у дзяржаве, хоць і не маюць абавязковага характару.
 
Адметна, што ў Грузіі хапае спецыялізаваных арганізацыяў, якія маюць вузкую прастору для дзейнасці, але ўдзельнічаюць у назіранні за выбарамі. Напрыклад, грамадскі рух «Шматнацыянальная Грузія» займаецца выбарамі ў рэгіёнах, дзе жывуць нацыянальныя меншасці. Прадстаўнікі меншасцяў (перадусім армяне і азербайджанцы) часам не размаўляюць па-грузінску і жывуць даволі адасоблена. Аднак армяне і азербайджанцы складаюць каля 12 % насельніцтва, якое знаходзіцца пад рэальным кантролем уладаў Грузіі, таму гэтыя галасы вельмі важныя для кандыдатаў.
 
У Грузіі гэтаксама хапае досыць сумнеўных назіральных ініцыятываў, такіх як «Былыя палітычныя вязні за правы чалавека», якая зарэгістравала найбольшую колькасць назіральнікаў і нясе адказнасць за гвалт супраць прадстаўнікоў «Аб’яднанага нацыянальнага руху». Таксама выклікае пытанні ініцыятыва «Грузінскае адзінства», прадстаўнікі якой фатаграфавалі на ўчастках выбарцаў з дакументамі, каб праверыць, што ніхто не галасаваў двойчы.
 
Дзень выбараў
 
Грузія праводзіць выбары ў адзін дзень, датэрміновае галасаванне адсутнічае за выключэннем асобных выпадкаў. Напрыклад, грузінскія жаўнеры, якія праходзяць службу ў Афганістане, мелі магчымасць аддаць свой голас 20 кастрычніка, за тыдзень да асноўнага галасавання.
 
У склад кожнай участковай камісіі ўваходзіць 13 асобаў – пры тым, што шэсць з іх з’яўляюцца т. зв. прафесіяналамі і звычайна паходзяць з дзяржаўнай адміністрацыі, а астатнія сем – сябры палітычных партыяў.
 
Выбарчы ўчастак адчыняецца а 7-й гадзіне раніцы. У гэты час згодна з заканадаўствам старшыня выбарчай камісіі павінен адчыніць дзверы ўчастку. Калі чальцы выбарчай камісіі зайшлі на ўчастак, яны апранаюць адмысловую накідку, каб людзі маглі іх лёгка ідэнтыфікаваць.
 
Грузінскае заканадаўства прадугледжвае шмат крокаў насустрач назіральнікам. Яны маюць права перасоўвацца па выбарчым участку без абмежаванняў і назіраць за кожнай працэдурай з любога месца. Калі ў выпадку хатняга галасавання прадстаўнікі выбарчай камісіі выкарыстоўваюць аўтамабіль, то выбарчая камісія абавязаная забяспечыць два месцы ў аўтамабілі для назіральнікаў. І натуральна, што назіральнікі сочаць за падлікам галасоў.
 
Звычайна ад назіральнікаў абіраюцца два прадстаўнікі, якія стаяць побач са сталом, астатнія назіраюць за працэдурай, стоячы крыху далей. Пры падліку агучваецца, што пазначана на кожным бюлетэні, ён паказваецца назіральнікам. Аднак назіральнікі не маюць права ўмешвацца ў працу камісіі. Падлік галасоў добра рэгламентаваны і сумленны, але займае шмат часу і можа зацягнуцца на некалькі гадзінаў. Некаторыя назіральнікі сачылі за падлікам галасоў на ўчастках нават пасля 23-й гадзіны.
 
Ёсць некалькі аспектаў, што падкрэсліваюць сумленнасць галасавання. Па-першае, функцыі, якія выконваюць прадстаўнікі выбарчай камісіі, вызначаюцца шляхам лёсавання. Па-другое, для грузінскіх выбараў вялікае значэнне мае празрыстасць. Два разы на дзень, а 12-й і 17-й гадзіне сакратар камісіі запісвае ў пратакол, які вясіць на сцяне, колькасць выбарцаў, што ўжо ўзялі ўдзел у галасаванні. Наагул, грузінскае выбарчае заканадаўства дастаткова адназначнае і рэгламентуе нават расстаноўку мэблі на выбарчым участку.
 
Адназначнасць Выбарчага заканадаўства і арганізацыя ўсяго працэсу можа быць прыкладам для Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.
 
Аднак найбольш важная частка выбараў пачынаецца, пасля таго як гадзіннік прабівае 20:00. Таму асноўныя грузінскія ўрокі для беларускай ЦВК датычаць перадусім падліку галасоў: агучвання і публічнага прадстаўлення кожнага бюлетэня назіральніку, які мусіць мець права бачыць працэс падліку.
 
Падсумоўваючы, хачу зазначыць, што поспех дэмакратыі ў постсавецкай, яшчэ 10 гадоў таму неэфектыўнай краіне даказвае, што наш выпадак зусім не такі незваротны, як можа падавацца. Празрыстасць выбараў і добрая падрыхтоўка назіральнікаў паказваюць, што добрыя электаральныя практыкі магчымыя там, дзе ўчора яны выглядалі нерэальнымі, а градус палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве не ўплывае на сумленнасць падліку галасоў.
 
Крыніца: n-europe.eu
 
 


.