Шакаладны кароль стане ўкраінскім прэзідэнтам

Парашэнка атрымаў моцны мандат, але выклікі, якія стаяць перад імі, аграмадныя.
Выбары 25 траўня ўвойдуць у гісторыю Украіны, як найбольш цяжкія за часы незалежнасці. Каля двух мільёнаў жыхароў Данбасу не мелі магчымасці прагаласаваць на выбарах як і людзі, што жывуць на тэрыторыі акупаванага Крыму. Гэтая выбарчая кампанія мела вярнуць поўную легітымнасць украінскаму кіраўніцтву, сшыць краіну назад у адно і штурхнуць яе да рэформаў.

На 9.30 панядзелку ЦВК Украіны апрацавала палову выбарчых пратаколаў. Пакуль Пётр Парашэнка набірае 54 %, Юлія Цімашэнка – 13 %, Алег Ляшко – 8 %. Усе экзіт-полы, агучаныя ўчора, даюць Парашэнку перамогу ўжо ў першым туры.

Будучы прэзідэнт і яго канкурэнты

Хоць шакаладны кароль, як называюць Парашэнку многія ўкраінцы, не мае ўласнай буйной палітычнай структуры, менавіта з ім значная частка людзей звязвае свае надзеі на перамены ў краіне. Сваю рэпутацыю ён пабудаваў на чынным удзеле ў Еўрамайдане. Калі на пачатку пратэстаў міліцыя збівала студэнтаў, Парашэнка быў адным з першых, хто прыйшоў іх бараніць. Болей за тое, ён не пабаяўся замарожвання рахункаў сваёй фабрыкі Rochen у Расеі за падтрымку еўраінтэграцыі Украіны.

Гэтаксама шмат хто цэніць ягоную здольнасць дамаўляцца. Парашэнка працаваў разам і з Януковічам, і з Юшчанкам, таму украінцы лічаць, што ён здолее знайсці агульную мову і з Расеяй, і з Захадам. Парашэнка будзе намагацца інтэграцыі краіны ў Еўрапейскі Звяз, але скептычна ставіцца да далучэння да НАТА.

Перамагчы Юлію Цімашэнку было лёгкай задачай. Большасць украінцаў вельмі скептычна ставяцца да яе, часта гэта ўдзельнікі пратэстаў. Калі Цімашэнка з’явілася на Майдане пасля свайго вызвалення, некаторыя пратэстоўцы асвісталі яе. Ейныя абяцанні аб еўраінтэграцыі, барацьбе з карупцыяй ці тэрытарыяльнай цэласнасці былі сугучныя з Парашэнкам. Аднак Цімашэнка праводзіла значна больш папулістычную кампанію, абяцаючы падвысіць заробкі бюджэтнікам і адначасова панізіць падаткі для прадпрымальнікаў.

Параза ў першым туры змяншае ўплыў  Цімашэнкі ва ўкраінскай палітыцы. Дагэтуль яна хоць і не займала афіцыйнай пасады, але мела значны ўплыў на Турчынава, выконваючага абавязкі прэзідэнта. Цяпер жа ейная роля будзе маргіналізавацца, хоць цвёрды электарат сярод бюджэтнікаў і людзей сталага ўзросту яна наўрад ці страціць.

У патыліцу Цімашэнцы па выніках экзіт-полаў дыхае Алег Ляшко. Адметна, што ў 2006 годзе лідар Радыкальнай партыі ўвайшоў у Вярхоўную раду па спісах “Бацькаўшчыны” Цімашэнкі. Ляшко набыў вялікую папулярнасць дзякуючы сваім відэа-допытам сепаратыстаў, найбольш папулярны набраў больш за 1,6 млн праглядаў. Ён вялікі аматар скандалаў: у 2013 годзе Алег Ляшко хацеў трапіць у самалёт з віламі для падняцця паўстання ў Данецку, а раней спрабаваў прывесці карову ў Вярхоўную раду.

Кампанія пасярод вайны

Сітуацыя ў Данбасе сталася галоўнай тэмай выбараў, адсунуўшы на другі план нават Крым. У Данецку не адчынілася ніводнага выбарчага ўчастку, а ў горадзе цяжка было пабачыць хоць адзін плакат фаварыта выбараў Пятра Парашэнкі. Напярэдадні выбараў кіеўскія ўлады прыпынілі антытэрарыстычную аперацыю, чым скарысталіся сепаратысты. 22 траўня тэрарысты растралялі 17 украінскіх вайскоўцаў пад Валнавахай. Атакі на цывільныя аб’екты, у тым ліку выбарчыя ўчасткі, не спыняліся на працягу ўсёй выбарчай кампаніі.

Хоць Уладзімір Пуцін змягчыў сваю пазіцыю адносна ўкраінскіх выбараў, назваўшы іх “крокам у правільным накірунку”, стасункі з Расеяй застаюцца ў стане глыбокага крызісу. Усход Украіны эканамічна залежыць ад Расеі, таму хоць большасць жыхароў Данбасу супраць сепаратызму, яны хацелі б пазбегнуць канфлікту з галоўным дэстабілізатарам уласнай краіны.

Улады не маюць светлых пачуццяў да алігархаў, але разлічваюць на іх, бо толькі яны здольныя стабілізаваць сітуацыю на ўсходзе дзяржавы. Ігар Каламойскі не толькі кіруе Днепрапятроўшчынай, але можа пагражаць пазіцыі Рыната Ахметава ў Данбасе. Ахметаў, найбагацейшы чалавек Украіны, доўгі час пазбягаў канфлікту з сепаратыстамі, што прывяло да анархіі ў Данецкай вобласці.

25 траўня сепаратысты планавалі штурм рэзідэнцыі Ахметава, аднак узброенныя людзі алігарха не дапусіцлі атакі з боку жаўнераў самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі. Такія выпадкі могуць усё болей аддаліць Ахметава ад Расеі і прыблізіць да кіеўскіх уладаў. Аднак ён усё адно будзе кіравацца ўласнымі інтарэсамі, а не Масквы ці Кіева.

Хоць пытанні нацыянальнай бяспекі адсунулі эканоміку на далейшы план, усе кандыдаты заяўлялі аб сваім намеры змагацца з карупцыяй і паправіць стан эканомікі. Згодна з індэксам Transparency International Украіна займае 144-ую пазіцыю ў свеце па ўзроўні карупцыі. Дадзеныя Міжнароднага Валютнага Фонду сведчаць, што ценявая эканоміка складае каля паловы ВУП Украіны. Шмат у чым менавіта карупцыя сталася прычынай Еўрамайдану.

Эканоміка ж Украіны застаецца ў крызісным стане яшчэ ад пачатку незалежнасці. Ад 1992 году да 2013 ўкраінская эканоміка расла прыкладна ў шэсць разоў павольней за беларускую.

Нягледзячы на тое, што напрыканцы красавіка МВФ выдзяліла Украіне крэдыт на $ 17 млрд, многія ўкраінцы баяцца банкрутцва дзяржавы. Аднак, 40 % людзей кажуць, што гатовыя да балючых рэформаў. Гэта дае новай кіруючай камандзе моцны мандат для правядзення зменаў у краіне.

Але многія чакаюць таксама і пернікаў. Болей за тое, эканамічныя поспехі паспрыяюць умацаванню ўлады на ўсходзе краіны. Прыклад Эстоніі падцвярджае, што нават найбольш прарасейскія структуры будуць лаяльнымі да дзяржавы, якая забяспечвае дабрабыт і сталы эканамічны рост.

Ці здолее Украіна выйсці з крызісу?

Наколькі ўдалы выбар робяць нашыя суседзі залежыць ад таго, ці здолее Парашэнка захаваць, а хутчэй зрабіць, Украіну бяспечнай і цэласнай, а таксама адвесці краіну ад прорвы няўдольнай дзяржавы.

Нейтралізацыя тэрарыстаў, якія карыстаюцца падтрымкай Крамля, застаецца вельмі цяжкою задачаю. Праўдападобна, што пасля выбараў пачнецца новы віток АТА. Новыя ўлады, дасягнуўшы большай легітымнасці, змогуць выкарыстаць больш спецыялізаваныя войскі да вядзення вайны. Напрыклад, Служба бяспекі Украіны дагэтуль амаль не выкарыстоўвалася ў часе баявых дзеянняў.

Важна, каб каманда Парашэнкі здолела знізіць узровень карупцыі. Украіна можа браць прыклад з Грузіі. Наладжванне эканомікі стане гучным пазітыўным сігналам, асабліва для жыхароў усходняй Украіны, якія ўспрымаюць кіеўскія ўлады як варожыя. Новае кіраўніцтва абавязанае палепшыць інвестыцыйны клімат краіны, каб дзякуючы замежным фінансам штурхнуць уласную эканоміку да росту. Дабрабыт забяспечыць цэласнасць краіны лепей, чым дзясяткі тысячаў вайскоўцаў на ўсходзе краіны.

Артыкул напісаны ў рамках праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” па выніках беларускай назіральніцкай місіі ва Украіну. 

 


.