«Першае інтэрв’ю мы давалі ў масках»

Украінскае пакаленне Y, першая моладзь незалежнасці, якую называюць «шэрымі кардыналамі ўкраінскай палітыкі» і «піянерамі электроннай дэмакратыі», актыўна ўзялася даробліваць тое, што не паспеў ці не здолеў зрабіць Майдан.

Кіеў, Хрэшчатык

Кіеў, вуліца Хрэшчатык, фота Юра Сідун

Цэнтр UA — «шэрыя кардыналы палітыкі»

«Мы падхапілі старонку на 3-і дзень існавання, калі студэнтаў нават не пабілі. Тады было адчуванне, што Майдан будзе да саміту ў Вільні. Калі адбыўся разгон Еўрамайдану, мы зразумелі, што праспалі яго. Нас ператрэсла. З таго часу мы пяць месяцаў не спалі ніводнай ночы», — 28-гадовая PR-мэнджэр руху «Чэсна» Іна Барзіла, які ўваходзіць у грамадскую арганізацыю Цэнтр UA і працуе пад слоганам «Фільтруй уладу», распавядае пра тое, як яна і яе каманда далучыліся да аднаўлення суполкі «ЄвроМайдан».


Актывісткі Цэнтр UA, фота Настасся Яўмен

Цяпер у гэтай фэйсбук-старонкі каля 300 тысячаў падпісчыкаў. Шэраг пастоў мелі ахоп у некалькі мільёнаў карыстальнікаў. На ёй штодня з’яўляліся навіны Еўрамайдану, каардынаваліся дзеянні актывістаў і новых валанцёраў, з’яўляліся паведамленні пра патрэбу ў дапамозе, пра зніклых, забітых, першых перамогах і няўдачах. З часам з’явілася патрэба шукаць зніклых людзей, арыштаваных, і ў фэйсбуку паўстала асобная суполка «Євромайдан SOS» са ста тысячамі падпісчыкаў.

Украінская фэйсбук-актыўнасць у гэтым сэнсе мала чым адрознівалася ад стратэгіі іншых маладых рэвалюцыянераў, што займелі поспех у выніку Арабскай вясны. Да прыкладу, егіпецкая група We are all Khaled Said мела на піку рэвалюцыі каля мільёну падпісчыкаў, і рабіла тое ж самае, што і рэдакцыя ўкраінскіх суполак.

Але дзяўчыны кажуць, што «рэвалюцыя ў Егіпце і ў нас — розныя рэвалюцыі. Хаця наша рэвалюцыя таксама пачалася з фэйсбуку з допіса журналіста шэф-рэдактара Hromadske.tv Мустафы Найема, — кажа Іна і паказвае кудысьці ў бок студыі Hromadske.tv, што знаходзіцца на тым самым паверсе дзе і памяшканні руху „Чэсна“. — Але ў самым пачатку на Еўрамайдане былі ўсмешкі, быў пазітыў, пакуль не пабілі студэнтаў. Тады ўжо пачалася рэвалюцыя супраць сваволля ўладаў і міліцыі».

Hromadske


Студыя Hromadske.tv, фота Настасся Яўмен

Па словах Іны, большая частка Майдану для ейнай каманды зусім не нагадвала фестываль:

«Падчас Еўрамайдану мы ніколі не хадзілі па адным, ездзілі выключна на таксі, не жылі дома. У лістападзе нашы імэйлы пачалі ламаць. Падчас Еўрамайдану тэлефоны блакаваліся, смс немагчыма было атрымліваць».

Нават сваё першае інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу «Дождж» у якасці рэдактара суполкі «ЄвроМайдан» Іна давала ў горналыжнай масцы.

«Тады мы зразумелі, што ўсё дрэнна, і пачалі займацца толькі справамі Майдану».

Цяпер Іна і рух «Чэсна» спрабуюць захаваць здабыткі рэвалюцыі і не дазволіць украінскім палітыкам паводзіць сябе так як дагэтуль. Яны дамагліся ад большасці з топавых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Украіны раскрыцця крыніцаў фінансавання сваіх кампаній.

«Нас называюць «шэрымі кардыналамі палітыкі», але гэта зусім няпраўда, — хваліцца Іна. — Але мы мочым усіх аднолькава — нехта думаў, што мы працуем на Януковіча, нехта — што на апазіцыю. Але для нас няма розніцы, карупцыянер у вышыванцы ці не».

МайданМайдан праз тры месяцы пасля, фота Юра Сідун

«Рэвалюцыя — гэта толькі пачатак»

Погляд на тое, што рэвалюцыянераў чакае яшчэ вобмаль працы, падзяляюць і іншыя «сціплыя рухавікі рэвалюцыі» — актывісты сервіснай арганізацыі Майдану «Грамадскі сектар», што каардынавалі негвалтоўны супраціў Майдану і ладзілі акцыі, якія пасля зрабіліся візітоўкай кіеўскіх пратэстаў. Да прыкладу, менавіта яны вырашылі расфарбаваць вядомае піяніна ў колеры дзяржаўнага сцягу.

«Цяпер мы займаемся тым, што нагадваем людзям: рэвалюцыя — гэта яшчэ не ўсё, гэта толькі пачатак, — кажа Алена Франкоўская, што фармальна кіруе „Грамадскім сектарам“. „Фармальна“ — бо структура гэта гарызантальная, што ў час рэвалюцыі, як лічаць актывісты, выратавала яе ад знішчэння. — Мы спадзяемся арганізаваць сетку па ўсёй Украіне, якая б магла мабілізавацца цягам сутак у выпадку ўзнікнення неабходнасці. Таму цяпер нам патрэбныя новыя кадры. Таксама мы імкнемся дамагацца таго, каб былі пакараныя тыя, хто рабіў злачынствы ад імя мінулай улады».

У гэтым актывістам, па іх прызнанні, найлепей пакуль дапамагаюць шыны, якія, як што, лёгка можна падпаліць, напрыклад, ля Вярхоўнай рады. Хаця яны самі, як і многія іншыя актывісты рэвалюцыі, так ці інакш падтрымліваюць знос Майдану:

«У большасці выпадкаў на Майдане засталіся тыя, хто не паехаў дадому ці на Ўсход на вайну. Цяпер у большасці з іх існуе псіхалагічны блок, які не дазваляе ім пакінуць Майдан. Таму ім хутчэй патрабуецца псіхалагічная дапамога», — кажа актывіст «Грамадскага сектару» Васіль Фядзюк. 

«Раней Майдан быў фундаментам пратэсту. Але цяпер ёсць нашмат больш зручныя формы [для гэтага]. Мы хочам, каб Майдан быў цалкам рэарганізаваны такім чынам, каб ён быў месцам, на якім збіраліся людзі і давалі зразумець уладзе, што рэвалюцыя яшчэ не скончаная. Але цяпер ёсць больш актуальныя праблемы, таму пакуль Майдан не чапаюць».

Васіль, як і многія іншыя ключавыя актывісты Еўрамайдану, браў удзел у Аранжавай рэвалюцыі, што адбылася за 9 гадоў да гэтага. Тады яны былі зусім маладымі студэнтамі першых курсаў. Але праз амаль дзесяцігоддзе, адвучыўшыся ва ўніверсітэтах, часта заходніх, і вярнуўшыся на радзіму, яны зладзілі ўжо сваю рэвалюцыю. Некаторыя працягнулі працу ўжо ў дзяржаўных структурах. А нехта застаўся ў НДА, каб адстойваць мэты Майдану.

«Шмат людзей з „Грамадскага сектару“ расцягнулі ў розныя міністэрствы, таму цяпер мы шукаем новых актывістаў», — распавядае Алена Франкоўская.

Адна з такіх маладых актывістаў з бліскучай адукацыяй — актывістка «Грамадскага сектару» Ганна Гапко. Цяпер яна рухавік Рэанімацыйнага пакету рэформаў (РПР) — супольнасці некалькіх дзясяткаў арганізацый і соцень экспертаў, якія працуюць над рэалізацыяй ва Украіне сур’ёзных рэформаў.

«Дэпутаты — нашы наёмныя працоўныя. І яны мусяць рабіць тое, што мы папросім, — тлумачыць сутнасць працы РПР іншы актывіст „Грамадскага сектару“, педыятр, што правёў на Майдане пяць месяцаў, Аляксандр Ябчанка. — Цяпер мы патрабуем ад іх прыняцця 30 законаў, якія мусяць змяніць сістэму. Ужо каля 10 законаў, распрацаваных у межах РПР, дзейнічаюць. Але гэта ўсё не так проста. Бо гэтыя законы ламаюць ім [дэпутатам, якія і прымаюць іх] усё жыццё».

Электронная дэмакратыя як альтэрнатыва шыне

Адны з удзельнікаў РПР — Цэнтру развіцця і інавацый аднаго з лепшых украінскіх універсітэтаў Кіева-Магілянскай акадэміі — цяпер, да прыкладу, шукаюць замену паўсюдным шынам.

«Цэнтр створаны, каб зрабіць Кіева-Магілянскую Акадэмію самаакупнай, незалежнай ад дзяржавы», — тлумачыць адзін з ягоных кіраўнікоў Яўген Білык, што атрымаў адукацыю ў Нідэрландах і Нарвегіі, а пасля перамогі Майдану адразу вярнуўся на радзіму.

«Людзі вельмі турбуюцца з-за таго, што Майдан стаяў, людзі загінулі, але палітыкі працягваюць дамаўляць пад сталом. Цяпер ёсць вялікая матывацыя таго, каб ніхто болей не гінуў», — кажа Людміла Янкіна, што дзеля валанторства ў якасці медсястры на Майдане сышла з працы ў кансалтынгавай кампаніі, а пасля далучылася да Цэнтру развіцця і інавацый у якасці кіраўніка маркетынгавага падраздзялення. Цяпер яна лабіруе ўнікальны праект стварэння ва Украіне «электроннай дэмакратыі».

Яшчэ паўгода таму сапраўдную кібервайну за еўраінтэграцыю вяла IT-сотня Еўрамайдану. Яна блакавалі і знішчалі ўкраінскія і расійскія дзяржаўныя сайты, дапамагалі арганізоўваць прадстаўніцтва Майдану ў Сеціве. Цяпер айцішнікі пераключыліся на больш мірныя шляхі барацьбы. Каля 150 праграмістаў далучыліся ў якасці валантораў да Людмілы і Яўгена, каб працаваць над інструментам кантролю ўладаў, які мусіць прыйсці на замену паўсюдным шынам.

Ужо праз два гады Цэнтр плануе запусціць футурыстычную платформу, якая мусіць змяніць сутнасць украінскай палітыкі праз увядзення інстытуту «Электроннай дамовы» паміж грамадзянамі і палітыкамі. Палітыкі не змогуць адысці ад сваіх абяцанняў і будуць заставацца пад пастаянным кантролем з боку грамадзянаў. Але ўжо не праз шыны, а праз інтэрнэт.

«Мы ўпэўненыя, што ў нас усё атрымаецца. Бо ў нас ёсць адна вялікая матывацыя: не паўтарыць тое, што адбылося», — упэўнена кажа Людміла. І не паверыць у поспех гэтых людзей проста немагчыма.

Цэнтр Кіева праз тры месяцы пасля рэвалюцыі

Фота Юра Сідун

Крыніца: generation.by



.