Тры факты пра ход прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне

7 чэрвеня Пётр Парашэнка складзе прысягу і афіцыйна стане пятым прэзідэнтам Украіны. Ці здолеў Кіеў вырашыць крызіс легітымнасці на гэтых выбарах? Як кандыдаты і ўлады парушалі выбарчае заканадаўства? Ці паказалі гэтыя выбары, што Украіна становіцца адзінай краінай?

Напярэдадні 25 мая шмат хто з украінцаў марыў, каб выбары прайшлі ў адзін тур. Хуткае абранне новага кіраўніка краіны скончыла б крызіс легітымнасці кіеўскіх уладаў і дала б моцны мандат прэзідэнту для вырашэння канфлікту з Крамлём.

Расейскія ўлады і іх памагатыя ва Украіне і на Захадзе ставілі пад сумнёў не толькі законнасць украінскага кіраўніцтва, але і ўдольнасць самой дзяржавы. І рабілі гэта адносна паспяхова. Ад пачатку выбарчай кампаніі Крым фактычна ўвайшоў у склад Расіі, а кіеўскія ўлады страцілі кантроль над Данбасам на карысць сепаратыстаў, падтрымліваемых Крамлём. Вярхоўная Рада, якая яшчэ ў студзені прымала “дыктатарскія законы”, не адлюстроўвае жаданняў грамадзянаў, а кіруючы ўрад трымаецца на слізкім паразуменні палітыкаў.

Ці меў рацыю Крэмль адносна легітымнасці выбараў?

Каб як мага хутчэй вырашыць крызіс, украінцы патрабавалі новага легітымна абранага кіраўніка, прызнанага народам, Захадам і Расіяй. Калі з прызнаннем выбараў народам і Захадам праблемаў не было, то рэакцыя Расіі выклікала пытанні. На пачатку кампаніі Крэмль заяўляў аб незаконнасці выбарчай кампаніі і легітымнасці Віктара Януковіча, але пазней Пуцін назваў выбары “крокам у правільным кірунку”. Калі б Расія не змяніла свайго падыходу, то легітымнасць украінскіх выбараў паставіліся пад большы сумнёў не толькі ў Расіі, але і ва Украіне.

На што мог ціснуць Крэмль? Перадусім на неадбыўшыяся ў Данбасе выбары: сепаратысты сарвалі выбарчы працэс на 14 з 22 акругаў Данецкай вобласці і 10 з 12 Луганскай. Каля двух мільёнаў украінцаў, не ўлічваючы жыхароў Крыма, не здолелі прыняць удзел у выбарах. Падобнае тлумачэнне мае пад сабой пэўнае абгрунтаванне: калі б усе жыхары ўсходу Украіны мелі магчымасць праласаваць, то перамога Парашэнкі ў першым туры магла б не адбыцца.

Аднак, наўрад ці гэта можа стаць прычынай для непрызнання выбараў. У такім выпадку ў кожнай краіне ўзброенныя сепаратысты маглі б зрываць агульнанацыянальныя выбары, замінаючы іх правядзенню ў адным рэгіёне. Як прыклад, неадбываючыяся ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі грузінскія выбары не азначаюць нелегімнасці грузінскіх органаў улады.

Сама атмасфера правядзення выбараў выглядала нервовай. У Данбасе немагчыма было знайсці ніводнага плаката фаварыта выбараў Пятра Парашэнкі, у той момант як падтрымліваючыя сепаратыстаў кандыдаты варожа ўспрымаліся большасцю ўкраінскага грамадства. Аднак, нават такія кандыдаты, як Добкін з “Партыі рэгіёнаў” не аспрэчвалі ў судзе вынікаў выбараў. Гэта доказ таго, што прарасейскія палітычныя сілы ўсё ж неахвотныя нішчыць уласную ўкраінскую дзяржаву.

Найважнейшае, што выбары былі прызнаныя ўкраінскім грамадствам. Чэргі на выбарчых участках, якія зацягнуліся ў адным выпадку нават да 23.40, паказваюць чынны ўдзел грамадства ў выбарах. Выбарчыя камісіі проста не спраўляліся з такім велізарным патокам людзей. Што адметна, гэтыя выбары прайшлі са значна меншай колькасцю парушэнняў.

Як кандыдаты і ўлады парушалі на выбарах?

Гэтая выбарчая кампанія адрозніваецца ад папярэдніх выбараў у 2010 ці 2012 гг. Калі раней улады напоўніцу выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс, то на гэтых выбарах кіруючыя эліты былі куды больш сумленнымі і адначасова слабымі. Палітыкі аказаліся нездольнымі да злоўжывання адміністрацыйнага рэсурсу, бо не маюць адпаведных рычагоў кіравання чыноўніцкай вертыкаллю.

Гэтаксама кандыдаты амаль перасталі набываць галасы. Калі раней подкуп выбарцаў быў украінскім стандартам, то пасля падзеяў на Майдане, Крыму і Данбасе людзі больш асцярожна ставяцца да выбараў. Хоць асобныя выпадкі мелі месца – напрыклад, на Валыні выбарцу прапаноўвалі 300 грыўнаў (19 еўра) за голас за Сяргея Цігіпку.

Найбольшымі жа ліхайдзействамі сталіся парушэнні правілаў агітацыі з боку кандыдатаў ці перашкоджанні выбарчага працэсу, часта звязаныя з падзеямі на ўсходзе краіны. Выбарчыя камісіі часам выдавалі бюлетэні выбарцам без прад’яўлення належных дакументаў, а на саміх участках знаходзіліся людзі, якія не маюць на гэта права.

Большасць міжнародных і нацыянальных назіральнікаў згаджаюцца, што выбарчым камісіям не ставала прафесіяналізму: чэргі на некаторых участках былі бясконцымі, як і падлік галасоў. На многіх участкаў ён трываў да раніцы. Даходзіла да таго, што некаторыя назіральнікі прыходзілі на падлік з піжамамі.

Украіна – адзіная краіна?

Упершыню ва Украіне праеўрапейскі кандыдат здолеў перамагчы ва ўсіх акругах за выключэннем адной акругі ў Харкаўскай вобласці і тых акругаў, дзе выбары не адбываліся. Гэта паказвае веліч тых зменаў, якія адбыліся ў грамадстве. Адначасова, варта заўважыць, што шматлікія прарасейскія выбарцы не прыйшлі на ўчасткі.

Таму ў гэтых выбарах хоць падзел у грамадстве зменшыўся, ці прынамсі перасунуўся далей на ўсход, але ён таксама набыў новую форму. Выбарцы ўсходу хадзілі на ўчасткі меней, чым жыхары цэнтру і тым болей заходу. У неканфліктных Адэскай вобласці прагаласавала толькі 46%, а ў Харкаўскай 47,9%. Пры тым, што ў Львоўскай вобласці прагаласава 78,2% выбарцаў.

Што цікава, калі б у другі тур прайшлі Парашэнка і Цімашэнка, то значная частка тых, хто браў удзел у першым туры, другі б праігнаравалі. Таму каб захаваць адзінства дзяржавы, Украіна патрабуе моцнага прарасейскага лідара, але які б быў верным украінскім інтарэсам.

Гэтыя выбары засведчылі глыбіннасць зменаў ва Украіне. Новыя кіеўскія эліты выглядаюць больш транспарентнымі, чым іх папярэднікі. Што важна, мабілізаванае грамадства не дае палітыкам магчымасці парушаць, а сама ўкраінская ідэнтыфікацыя ўсё болей распаўсюджваецца сярод рускіх грамадзян Украіны. Нягледзячы на скуднасць фінансавага становішча краіны, акупацыю і вайну, украінскае грамадства мацнее. 

Аўтар: Рыгор Астапеня



.