Місія ва Украіну: напярэдадні новай рэвалюцыі?

13-20 студзеня адбылася паездка беларуска-літоўска-шведскай групы на выбары прэзідэнта Украіны. У рамках праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” ўдзельнікі місіі – звыш 50 чалавек – наведалі Адэскую, Данецкую, Кіеўскую і Львоўскую вобласці, каб на ўласныя вочы “подивитися”, як адбывалася кампанія па выбарах кіраўніка суседняй дзяржавы.

Акцэнт падчас місіі быў зроблены не на назіранне за працэсам галасавання, а на тое, як праходзіла перадвыбарчая кампанія, уражанні яе ўдзельнікаў ад шматмесяцовай барацьбы, чаму маладой украінскай дэмакратыі яшчэ трэба вучыцца.

 Удзельнікі праекту правялі апытанні рэгіянальных штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, сустракаліся з грамадскімі арганізацыямі, наўпрост апытвалі выбаршчыкаў.

 “Украіна далёка прасунулася наперад у плане дэмакратычнасці выбараў, выдалення дзяржаўнага ціску як фактара перадвыбарчай барацьбы – ні кандыдаты, ні выбаршчыкі не наракалі на дыскрымінацыю або парушэнні іх правоў з боку дзяржаўных уладаў,” - гаворыць каардынатарка праекту Анастасія Матчанка.

 Вайна грошай

 Пры гэтым шмат якія аспекты кампаніі прымушаюць жадаць лепшага. Гэта распаўсюджаныя выпадкі куплі-продажу галасоў, карупцыя СМІ і вялізная маёмасная няроўнасць паміж кандыдатамі.

 “Вайна грошай” – гэтую фразу давялося чуць шмат у якіх штабах, асабліва менш заможных кандыдатаў”, - казаў удзельнік місіі ў Львове Вадзім Вілейта.

 Асабліва выразна маёмасная дыскрымінацыя кандыдатаў выяўляецца ў патрабаванні ўнясення задатку ў памеры 2,5 мільёнаў грыўняў (звыш 200 тыс. еўра) для ўдзелу ў выбарах. Для параўнання – у Літве, дзе сярэдні ўзровень жыцця прыкметна вышэйшы за ўкраінскі, аналагічны задатак складае ўсяго каля 3 тыс. еўра. “То бок ва Украіне на заканадаўчым узроўні палітыка акрэсленая як гульня для багатых,” – абагульняе В. Вілейта.

 Грузінаў у Адэсе не чакалі

 Здараліся і кур’ёзныя сітуацыі. На ўсходзе і поўдні Украіны грамадскасць насцярожана ўспрымала любога замежніка, бо ў гэтых мясцінах была праанансаваная вялікая прысутнасць назіральнікаў з Грузіі. Шмат хто з мясцовых жыхароў ім быў не рады – з прычыны прарасейскасці рэгіёну.

У Адэсе ўдзельнікам місіі давялося ўцякаць ад гневу тамтэйшага люду, які беспадстаўна палічыў іх за грузінаў.

У Кіеве ж назіральнікі з Літвы і Беларусі зафіксавалі сляды падрыхтоўкі да "рэвалюцыі" ў выпадку паразы аднога з кандыдатаў. Адзін з удзельнікаў змог па нумары тэлефона, указаным на аб'яве ў метро, дамовіцца аб працаўладкаванні - за адзін дзень прастою на плошчы яму паабяцалі 75 грыўняў. Прапановай ён не скарыстаўся.

 

У цэлым місія прайшла паспяхова і выявіла нямала выпадкаў недасканаласцяў выбарчага працэсу. Больш дэталёва высновы місіі будуць прааналізаваны ў заключнай справаздачы.

Першы тур выбараў Прэзідэнта Украіны прайшоў 17 студзеня, у ім перамогу атрымалі Віктар Януковіч (35%) і Юлія Цімашэнка (25% галасоў). Другі тур адбудзецца 7 лютага 2010.

***

Праект “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” ладзіцца Аб’яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятыў, Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам.

Удзел у ім бяруць маладыя людзі з Беларусі (студэнты ЕГУ і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў), студэнты і грамадскія актывісты з Літвы і Швецыі.

Праект фінансуецца МЗС Нарвегіі і Шведскім Міжнародным Ліберальным Цэнтрам. У яго рамках ужо адбылося некалькі назіральных місіяў у Літву, Нарвегію, Грузію, Украіну, будуць праходзіць місіі ў іншыя краіны рэгіёну. Удзельнікі не толькі назіраюць за выбарамі, але праходзяць папярэднюю прафесійную падрыхтоўку – акадэмічны курс па назіранні за выбарамі ў рамках праграмы ЕГУ з удзелам выкладчыкаў з Беларусі, Літвы, Нарвегіі, пасля якога здаюць экзамен і атрымліваюць адпаведны дыплом.
 



.