Праваабаронцы за свабодныя выбары: выбарчы працэс не адпавядаў стандартам

12 кастрычніка ў офісе ПЦ “Вясна” адбылася прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па выніках маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі 11 кастрычніка.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”  Валянцін Стэфановіч пракаментавалі выбарчы працэс з пункту гледжання яго адпаведнасці беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў, што выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса на карысць дзеючага Прэзідэнта, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.  

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» таксама апублікавала агульную справаздачу па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнцкія выбары 2015 г. пачаліся ў абстаноўцы, надзвычай неспрыяльнай для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў: у месцах пазбаўлення волі заставаліся палітычныя вязні, сістэматычна пераследаваліся незалежныя журналісты.

Пасля вызвалення палітычных зняволеных у жніўні 2015 г. вызначыліся станоўчыя тэндэнцыі: большыя магчымасці для рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў падчас перадвыбарчай кампаніі, адсутнасць перашкодаў з боку ўлады пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты і правядзенні агітацыйных мерапрыемстваў.

Улады Беларусі не чынілі рэпрэсій і затрыманняў падчас масавых мерапрыемстваў, якія праводзіла частка апазіцыі па-за межамі выбарчага заканадаўства. Але прыцягненне арганізатараў такіх мерапрыемстваў да адміністратыўнай адказнасці ў форме буйных штрафаў парушае права на мірныя сходы, гарантаванае міжнароднымі прававымі актамі. 

Аднак выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса на карысць дзеючага Прэзідэнта, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.  

Найбольш важнай падставай для крытыкі выбараў застаецца адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць аб’яўленыя вынікі выбараў адлюстраваннем волевыяўлення выбаршчыкаў.

Выбарчыя камісіі

Пры фарміраванні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый з боку органаў, якія ўтвараюць камісіі. Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ў ТВК склала 10 чалавек, альбо 0,5 % ад агульнага складу ТВК; іх колькасць у УВК склала 31 чалавек, альбо 0,046 % ад агульнага складу сяброў УВК, што ў пяць разоў менш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах.

Адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэрыяў для прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў, робіць магчымым селектыўнасць падыходу да іх фарміравання. Адсутнасць такіх крытэрыяў таксама робіць неэфектыўнай норму ВК, што прадугледжвае магчымасць судовага абскарджання рашэнняў аб адмове ва ўключэнні ў іх склад.

Нязначная колькасць прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК адлюстроўвае спецыфіку беларускай палітычнай мадэлі, пры якой асноўнымі палітычнымі суб'ектамі пры правядзенні выбарчых кампаній выступаюць прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў.

Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў

Дакументы на рэгістрацыю падалі 15 ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, ЦВК зарэгістравала 8 з іх. Рашэнні мясцовых выканаўчых органаў адносна месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў, істотна не абмежавалі магчымасці працы ініцыятыўных груп у публічных месцах, аднак многія рашэнні не былі абумоўлены патрабаваннямі бяспекі і грамадскага парадку.

Улады не чынілі істотных абмежаванняў пры зборы подпісаў, але роля выканаўчай вертыкалі ўлады і адміністрацый дзяржаўных прадпрыемстваў па-ранейшаму заставалася вельмі вялікай. Збор подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі суправаджаўся актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу: ажыццяўляўся ў працоўны час, на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў, часта пры непасрэдным удзеле адміністрацый гэтых прадпрыемстваў і ўстаноў.

Непразрыстась працэдуры праверкі подпісаў і дакументаў дае падставы разглядаць вынік рэгістрацыі як палітычна матываваны. Кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя А. Лукашэнка, Т. Караткевіч, С. Гайдукевіч, М. Улаховіч.

Перадвыбарчая агітацыя

Перадвыбарчая агітацыя не стала значнай сацыяльна-палітычнай кампаніяй для беларускага грамадства, яна прайшла малазаўважна для выбаршчыкаў. Недастатковасць візуальных сродкаў агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты, відавочна, абумоўлена невысокай актыўнасцю некаторых кандыдатаў, а таксама спыненнем дзяржаўнага фінансавання вырабу інфармацыйных матэрыялаў.

У шэрагу гарадоў краіны, у тым ліку і ў сталіцы, створаны адносна спрыяльныя ўмовы для агітацыі. У той жа час многія назіральнікі ў рэгіёнах адзначаюць, што мясцовыя ўлады вызначылі зусім непрыдатныя месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў.

Галоўнымі актарамі выбарчага працэсу заставаліся дзейсны прэзідэнт і Цэнтральная выбарчая камісія. Паводле адведзенага эфірнага часу і газетнай плошчы А. Лукашэнка знаходзіўся па-за канкурэнцыяй.

На карысць дзейснага прэзідэнта актыўна прымяняўся адміністрацыйны рэсурс. Праўрадавыя грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэта (ФПБ, БРСМ і іншыя), актыўна праводзілі грамадска-палітычныя мерапрыемствы пад характэрнай сімволікай і ў кантэксце выбарчай праграмы дзейснага прэзідэнта, што атаясамлялася ў свядомасці грамадзян з агітацыяй у яго падтрымку. Гэтыя мерапрыемствы не фінансаваліся з выбарчага фонду кандыдата, што з’яўляецца парушэннем устаноўленага парадку агітацыі. 

Датэрміновае галасаванне

У датэрміновым галасаванні ўзяло ўдзел 36,05 % выбаршчыкаў – найбольшая колькасць за папярэднія прэзідэнцкія кампаніі 2001, 2006 і 2010 гг.  Фактычна датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК.

Падчас датэрміновага галасавання назіральнікамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі зафіксаваны шматлікія факты прымусу грамадзянаў да ўдзелу ў ім з боку адміністрацый прадпрыемстваў і ВНУ. Гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній.

Адзначаны выпадкі завышэння яўкі на некаторых выбарчых участках. Абагульненая розніца па колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, па дадзеных назіральнікаў і УВК склала 6,2% на 144 УВК, на якіх вялося назіранне, пры гэтым на некаторых УВК розніца складала больш за 50%. Аднак завышэнне яўкі не насіла значнага і сістэмнага характару.

Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу, стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў  працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.                          

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў

Існуючыя працэдуры галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў даюць магчымасці для маніпуляцый. Назіральнікі не могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання, паколькі заканадаўства прадугледжвае не толькі пісьмовую, але і вусную форму такой заяўкі.

Фіксаваліся выпадкі, калі выбаршчыкі не звярталіся з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання і паведамлялі гэта сябрам УВК, якія ўжо прыйшлі да іх са скрыняй. Часам назіральнікам не давалі інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спіс для галасавання па месцы знаходжання. Неаднаразова адзначана, што колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі па месцы свайго знаходжання, не супадае з колькасцю скарыстаных для гэтага бюлетэняў.

Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў                              

У заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюллетэняў участковымі выбарчымі камісіямі. Для падліку галасоў, не прымяняецца дакладная працэдура, пры якой адзнака на кожным бюлетэні  аб'яўляецца ўслых з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам.

Падлік галасоў на выбарчых участках шмат у чым паўтарыў негатыўную практыку непразрыстага падліку бюлетэняў. Больш за палову назіральнікаў былі пастаўлены камісіямі ў нязручныя для назірання умовы, 76,9 % не маглі бачыць змест бюлетэняў. Толькі 12,2 % скаргаў, што падалі назіральнікі, былі разгледжаны на пасяджэннях УВК.

Крыніца: elections2015.spring96.org



.